Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Пра пiсьменнiка Бiблiяграфiя Даведнiкi Валеры Маракоў Прэса Навіны Гасцявая кнiга Сувязь

Галоўная » Проза  » Непамяркоўныя Аповеды пра рэпрэсаваных і іх нашчадкаў. Рэпрэсаваных, але не зломленых... 

Дзень Ікс

Адны iдуць займацца гэтай барацьбой, каб стаць чэмпiёнамi. Здань галоўнага героя славутага кінафільма «Геній дзюдо» ўсё яшчэ блукае па матухне Еўропе і бабульцы Азіі. Другія ставяць перад сабой задачы больш сцiплыя: з дапамогаю прыёмаў і спецыяльных фізічных практыкаванняў стаць дужэйшымі, спрытнейшымі, упэўненымі ў сабе. Трэцiя спадзяюцца проста падмацаваць здароўе.

Я вырашыў заняцца дзюдо таму, што хацеў навучыцца біцца. Махаць кулакамі я не ўмеў і, зразумела, як толькі мог, пазбягаў кулачнага вырашэння пытанняў. (А ў пятнаццаць такія пытанні ох як часта даводзіцца рашаць.) І ўхіляўся не таму, што быў фiзiчна слабым — з маленства ў маёй свядомасцi сцвердзіўся своеасаблівы тормаз: ты не маеш права падняць руку на iншага чалавека, а тым болей ганарыцца гэтым. Чалавек чалавеку сябра, а не вораг.

У вынiку я часцяком прыходзiў дамоў біты, а тып, што ўпрыгожыў мой твар сінякамі (ён быў зазвычай на два-тры гады старэйшы за мяне, — з аднакласнiкамi кулачных канфлiктаў не ўзнiкала), сядзеў у дваровай альтанцы і хвалiўся, як заехаў салагу з левай, пасля дадаў з правай, а тады яшчэ нагою, нагою…

З кiм такое здаралася, ведае, наколькі гэта крыўдна і балюча. І фізічна і, галоўнае, маральна. А што казаць пра хлапчука, выхаванага на творах Аляксандра Дзюма і Фенiмора Купера!

Пасля экзекуцыі я зачыняўся ад мамы ў ванным пакоi, адкручваў кран, каб шумела вада, і залiваўся слязьмi. Сэрца ныла. Я праклiнаў сваю баязлівасць, думаў пра самагубства. Выйсце з тупіка не знаходзілася.

А выйсце было, і зусім побач — яго падказаў выпадак.

Аднойчы пасля чарговай сутычкi са звычным для мяне зыходам я не пайшоў дадому, а падаўся абы-куды па шпалах дзiцячай чыгункi. Сам не ведаю, як забрыў на недабудаваны, яшчэ без трыбун, студэнцкi стадыён.

Чацвёра вясёлых хлопцаў ганяліся адзін за адным па полi, скакалі цераз сябе, садзіліся на шпагат, выконвалі іншыя складаныя практыкаваннi, выкрыкваючы пры гэтым незразумелыя адрывістыя словы. Ад душы з нечага смяялiся.

Адзiн з хлопцаў падышоў да ўкапанай побач з бегавою дарожкаю лаўкi — хацеў нешта ўзяць з сумкi. Як з-пад зямлі вырасла перад iм купка курцоў — касцяк і краса раённай шпаны. Ён выцер рукавом масцеркi пот з твару, ветлiва ўсмiхнуўся, але сказаў цалкам сур’ёзна:

— Дарэмна вы, хлопцы, здароўе не шануеце. А калі не церпіцца легчы ў магiлу, дык адышлiся б ад стадыёна метраў на сто, каб дымок паспяваў развейвацца, і там бы свае лёгкія на вынослівасць выпрабоўвалі…

Я разявiў рот ад неспадзяванкі i, здаецца, перастаў дыхаць. Чакаў, што адкажуць некаранаваныя каралi раёна не вельмi пагляднаму белабрысаму хлапчыне. Падумалася: «Няйначай адлупцуюць, а то яшчэ і нагамi прыгладзяць. А шкада, смелы хлопец, але нічога не зробіш — курцоў жа цэлая зграя».

На дзiва, маё прадбачанне не спраўдзілася. Хлопцы з цыгаркамі штосьцi мармыталі, няўцямна пацепвалi плячыма, зiркалi з-пад ілба i… усё!

Вось дык штука! Вось табе і каралi!

— Што, хлопцы, задумалiся? — ужо зусiм нахабнiчаў белабрысы. — Роднай мовы не разумееце?

І тыя моўчкi кiвель-кiвель — пасунулiся прэч.

— Чаго глядзiш? — нечакана павярнуўся белабрысы да мяне. — Сябрукi твае? Не? А з тварам што? Выхоўвалі? Ясна. Бiлi, значыць. І не шкадуючы, бачу… Ну, нiчога, не хвалюйся, хадзем да хлопцаў. Будзем твой лёс мяняць, як трэнер наш гаворыць. Мой таксама калiсьцi мянялi. Хадзем, кажу, не бойся!

І я пайшоў…

Спатрэбiлася два гады, дакладней, семсот трыццаць сем дзён нялёгкае — да самазабыцця, з крывёю і потам — працы, каб пераламаць маю нерашучасць, боязь бойкi. Калi злавiў сябе на тым, што перш чым кулак спарынг-партнёра дастае да майго твару, паспяваю зрэагаваць, ужыць прыём і галоўнай задачаю робiцца падстрахоўка нападаючага, каб не скруцiў сабе карак, ува мне знiкла генетычнае нежаданне даваць адпор, на сiлу адказваць сiлаю, ударам — на ўдар.

І аднойчы наступiў дзень Ікс. Да кожнага калі-небудзь прыходзіць гэты галоўны ў жыцці чалавека дзень. Але не кожны падрыхтаваны ў ім выступіць годна.

Напярэдаднi маладзёжнага чэмпiянату рэспублiкi я спаткаў аднаго са cваiх былых крыўдзiцеляў. Дакладней, не зусім каб аднаго. Людзi (ці як іх назваць?), у якіх стае смеласці напасцi на чалавека толькi тады, калi ведаюць, што не атрымаюць адпору, застануцца беспакаранымi, швэндаюцца па вулiцы не ў адзіночку — заўсёды ходзяць хеўрай у кампанii такiх жа храбрацоў.

Гэтым разам іх было трое. Яны iшлi, сплёўвалі праз зубы, размахвалi рукамi, мацюкалiся. Прахожыя абміналi тройцу. А тыя — скаліліся! Гэткая агідная, нахабная ўхмылачка.

Убачылi мяне.

— О-о, даўненька мяч не ганялі!

Узрадавалiся. Спынiлiся. Рыхтавалiся.

Першы, галоўны, сцiскаў-расцiскаў кулакi — размiнаўся. Другi, мой знаёмец, раздаваў «пасы» нагамi, наглядна паказваў, як ён па старой памяцi будзе мяне футболіць. Трэцi, відавочна слабейшы за себрукоў, нядбайна засунуў рукi ў кiшэнi. Усмiхнуўся. Шчарбата прысвiснуў:

— С-сцанюк!

Спачатку, як і некалi, я адчуў дрыжыкi, дыханне зрабілася перарывiстым, ціхім, але — сэрца засталося на месцы. Успомнiўшы, хто я (што ні кажы — чэмпiён сярод мiнчан да шаснаццацi) і хто яны (хулiганнё, як называў іх сусед дзядзька Юзік), задушыў у сабе здранцвенне і як вынік яго — баязлівасць. Пад корань зрэзаў. Вырваў з сябе гадзiну. Скiнуў пятлю з шыi. Выйграў першы раўнд. Самы цяжкi — з самiм сабою.

Я не звярнуў, як бы зрабіў раней, у блiжэйшы завулак, не перабег на другi бок вулiцы. Iшоў на iх спакойна і ўпэўнена, нават не прыкiдваючы, што буду рабiць далей. Ведаў: у патрэбны момант хтосьцi ўладна скажа: «Хаджыме!»1 — і бой пачнецца.

Яны запынілі мяне эфектна. Калі я прайшоў міма, дзівячыся, што не чую чаго-небудзь кшталту: «Маляўка, прытармазі!», за спінаю прагучала:

— Ну шустры! Ты што, аслеп са страху? Назад, шчанюк! Сюды! І рыссю!

Я зрабiў выгляд, што гэткі загад мяне не датычыцца, ішоў далей — даваў iм апошнi шанец. Хлопцы яго не скарысталі. Што ж, гэта iх права.

Крыўдзiцель мой, ён жа «футбаліст», завiшчэў:

— Ну, падла, зараз ты ў нас прытармозiш! На каленях папаўзеш! Зямлю грызцi будзеш!

Добра, думаю, добра. Сасмяглыя — спатоляцца! І павярнуўся да ахвотнiкаў пагутарыць на абстрактныя тэмы. Усе трое пёрлi ўжо на мяне, і давялося напружыцца.

Крутнуўшыся да іх бокам, я зрабіў выкід угору правай нагою і трапiў «футбалiсту» ў вуха. Не падрыхтаваны да такой сустрэчы, ён страцiў раўнавагу, але паспеў ухапiцца за галоўнага. Той адштурхнуў себрука назад, на мяне. «Футбалiст» размаxнуўся і… тут я адхіліўся — і ён тыцнуў кулаком у паветра. Iнерцыя крутнула яго, ён апынуўся да мяне спiнаю, і заставалася толькi скарыстаць тую самую iнерцыю. Атрымаўшы дадатковага выспятка, «футбалiст» наляцеў на урну і зацiх. «Нешта зусiм не страшна, — пранеслася ў галаве. — Пайшлі далей». Ухапiў галоўнага за ногi, адарваў ад зямлi і шпурнуў на «футбалiста». Павярнуўся да трэцяга.

У гэты момант малое гадзянё з-за спіны заехала мне ў сківіцу кастэтам. Хруснулi зубы, было балюча, але — не смяротна. Адначасна з разваротам я падчапіў яго аперкотам справа. Плюгавенькi пацук пакаціўся па асфальце. Заныў, запiшчэў, заплакаў.

Усё было скончана. Я не стаў дабiваць iх, накiроўваць на правiльны шлях, выхоўваць словам. Няхай самi рашаюць і думаюць, як быць далей. Калi ж да iх не дайшло і хлопцы захочуць зладзiць матч-рэванш, дык — калi ласка. Паядынкi з пэўнага часу я люблю.

І я пайшоў. Спяшаўся. Я нiколi не спазняўся на трэнiроўкi. Не спазнiўся і гэтым разам.

Наперадзе быў галоўны паядынак — за годнае жыццё. На маёй радзіме за яго трэба змагацца!

 

 

1Каманда пачынаць паядынак у некаторых відах усходніх адзінаборстваў.



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 2



Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 / Кніга 1



Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст



Вынiшчэнне



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.



Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. Рэпрэсаваныя Настаўнікі



Толькі адна ноч



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.



Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2



Ахвяры i карнiкi.



Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917-1964



Рэпрэсаваныя медыцынскiя i ветэрынарныя работнiкi Беларусi. 1920-1960



Планъ губернскаго города Минска 1873 года



Планъ губернскаго города Минска 1888 года


[Малюнак не захаваўся]

Планъ губернскаго города Минска 1911 года



100 мiнiяцюр



Непамяркоўныя



100 миниатюр



Непримиримые



Сшытак



Яны не ведалі



Рассказы



Непамяркоўныя


Паэзiя Валерыя Маракова


Пялесткі (1925)



На залатым пакосе (1927)



Вяршыні жаданняў (1930)



Права на зброю (1933)



Лірыка (1959)



Вяршыні жаданняў (1989)



Рабінавая ноч


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".