|
|
|
|
|
|
|
|
|
Леанід Маракоў уражвае мяне сваёй апантанасцю і працавітасцю, паслядоўнасцю ў пошуках матэрыялаў і непрадказальнасцю. Мяркуйце самі. Пачаўшы свой працоўны шлях са служэння дакладным навукам, ён потым паспрабаваў заняцца бізнесам. I раптам — шок: аказваецца, што яго родны дзядзька беларускі пісьменнік Валерый Маракоў, іншыя сваякі сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. Леанід кідае ўсё і пачынае збіраць па розных крыніцах друкаваныя і рукапісныя сачыненні пакаранага смерцю дзядзькі, выдае іх, даследуе ягоную творчасць. I робіць гэта прафесійна — нібыта закончыў філалагічны ці журналісцкі факультэт. Затым у полі зроку аказваюцца калегі В. Маракова, потым — іншыя рэпрэсаваныя пісьменнікі, рэпрэсаваныя ўвогуле. Выходзяць даведнікі, кніга мастацкай прозы на тую ж, хвалюючую аўтара і усіх нас тэму. Леаніда прымаюць у Саюз беларускіх пісьменнікаў, Саюз журналістаў Беларусі, ухваляюць ягоныя апавяданні, дэтэктыўныя аповесці.
Але ўсё ж галоўнай справай, жыццёвым подзвігам Леаніда Маракова на маіх вачах робіцца шматтомны даведнік "Рэпрэсаваныя літаратары, вучоныя, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991". Ужо выйшлі два тамы своеасаблівай энцыклапедыі, першы наклад якіх разышоўся імгненна (хутка будзе дадатковы наклад). Цяпер рыхтуецца да друку трэці том. А за ім аўтар бачыць чацвёрты, пяты, шосты і сёмы...
Паколькі я з’яўляюся рэцэнзентам даведніка, добра ведаю яго змест. Мяне ўражвае ў ім багацце новага матэрыялу, сотні невядомых і забытых імёнаў. Прыкладна дзве пятыя сярод іх — беларусы, адна пятая — рускія, адна пятая — яўрэі, адна пятая — палякі. Ёсць латышы, літоўцы, немцы. Была б мая воля, я выбраў бы рускую, яўрэйскую і польскую часткі, пераклаў бы іх на адпаведныя мовы і выдаў бы асобнымі кніжкамі. Тым больш. што, у адрозненне ад Беларусі, у іншых краінах такіх грунтоўных даведнікаў, здаецца, няма.
Можа, нават сам Леанід Маракоў не дужа ўяўляе, за якую цяжкую, бясконцую работу ён узяўся. Іншыя, у іншых краінах — не браліся. У крайнім выпадку — складалі толькі спісы ( і то лакальныя). А ён асмеліўся. Бо апантаным усё пад сілу!
Адам Мальдзіс
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.