Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. » Том II » СТАРАДОМСКІ (СТАРОДОМСКИЙ) Міхаіл Міхайлавіч
[7.11.1882, в. Прыбыткі Гомельскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Гомельскі р-н — студз. 1944], протаіерэй. З сям’і свяшчэннаслужыцеля. У ліку лепшых скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1904). Выкладаў матэматыку ў 2-класнай царкоўна-прыходскай школе в. Рыскова Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл. Ажаніўся з дачкой Паўла Мядзведкава* Ганнай (н. ў 1890; скончыла Магілёўскае жаночае духоўнае вучылішча; з 1907 працавала настаўніцай; у 1940-я г. просвірня пры Гомельскім саборы). 15.8.1909 епіскапам Гомельскім Мітрафанам (Краснапольскім) рукапаложаны ў іерэя і прызначаны ў Свята-Ціханаўскі храм в. Івакі Гомельскага пав., цяпер Добрушскі р-н Гомельскай вобл. У 1911 пераведзены ў Раства-Багародзіцкую царкву мяст. Свержань Рагачоўскага пав. У 1920-я г., верагодна, служыў у Раства-Багародзіцкім храме ў роднай вёсцы. З 29.11.1933 жыў у Рагачове, працаваў рабочым. Арыштаваны ў 1933 (?). Асуджаны да 5 гадоў ППК. У зняволенні тэрмін пакарання працягнуты. Вызвалены 3.3.1943 невылечна хворым. З 2.5.1943 знаходзіўся на пасяленні ў в. Узун-Агач саўгаса «Кніж» Джамбульскага р-на Алма-Ацінскай вобл., цяпер Казахстан. Рэабілітаваны ў 1989.
Кр.: Памятная книжка Могилевской губернии; Архіў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, ф. 1, в. 2, с. 56; Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гомельскага раёна. У 2 кн. Кн. 1. Мн., 1998.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.