Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. » Том II » РУМЯНЦАЎ (РУМЯНЦЕВ) Ілья
[1886, в. Обаль Віцебскай губ., цяпер Шумілінскі р-н Віцебскай вобл. — 7.10.1937, Віцебск, турма НКВД], протаіерэй, сын святара Іаана Румянцава, брат Аляксандра Румянцава і, верагодна, Мікалая Іванавіча Румянцава. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю. З 1913 настаяцель Свята-Троіцкага храма ў мяст. Вула Лепельскага пав. Віцебскай губ. (цяпер Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл. У 1920 арыштаваны Віцебскім губ. ЧК, але праз некаторы час вызвалены. У 1925 пераехаў у Віцебск, служыў у Іаана-Багаслоўскай царкве Полацка-Віцебскай епархіі. Быў жанаты на Аляксандры Фёдараўне Уладзіміравай, меў сыноў: Вячаслава* і Валянціна (вучыўся на рабфаку; далейшы лёс невядомы). Зноў арыштаваны ў 1927, але таксама праз некаторы час вызвалены. У трэці раз арыштаваны 2.11.1931 у Віцебску па адрасе: вул. Новапятроўская, д. 36-а. Асуджаны 14.7.1932 з 15 свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелямі асобай нарадай пры АДПУ за «антысавецкую агітацыю» дa 3 гадоў высылкі ў Паўночны край. Пасля вызвалення вярнуўся ў Віцебск. З пачатку 1934 служыў настаяцелем царквы с. Дзісяды (?) Нова-Завідаўскага р-на Калінінскай вобл. З 1935 і да канца 1936 — настаяцель храма с. Упіравічы Высохаўскага р-на Калінінскай вобл., потым зноў вярнуўся ў Віцебск. Служыў у Свята-Троіцкай (Чорнай) царкве (прыпісной да Іаана-Багаслоўскага храма). Зноў арыштаваны 21.9.1937 у Віцебску па адрасе: вул. 2-я Валадарская, д. 36. Прыгавораны тройкай НКВД 28.9.1937 за «контррэвалюцыйную прапаганду» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Па першай справе (захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.) рэабілітаваны 12.9.1989 пракуратурай Віцебскай вобл., па другой прэзідыумам Віцебскага абл. суда 28.7.1956.
Кр.: Памятная книжка Витебской губернии; Афіцыйны сайт Віцебскай епархіі.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.