Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.

Том I
Том II
Том II. Дадатак
Скароты

Імянны паказальнік (.doc, 462 Kб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.  » Том II  » МІКАЛАЙ ВАСЮКОВІЧ 

МІКАЛАЙ ВАСЮКОВІЧ

[28.3.1882, в. Коскі Мінскага пав., цяпер Дзяржынскі р-н Мінскай вобл.  — 26.9.1937, Мінск, турма НКВД], свяшчэннамучанік. Сын Васілія Васюковіча* . Пасля сканчэння Мінскага духоўнага вучылішча (1908) працаваў настаўнікам у народных школах горада. З 1913 псаломшчык царквы в. Ліцвяны, дзе святаром служыў яго бацька. Пасвячоны ў дыякана. У часы бальшавіцкага панавання вылучаўся прынцыповым стаўленнем да пытанняў веры. У адну з начэй 1930 мясцовыя пракамуністычныя актывісты спалілі царкву ў Ліцвянах. Назаўтра М. публічна заявіў: «Хіба гэта ўлада, калі пры ўладзе бальшавікі. Гэта не людзі <...>, а банда прайдзісветаў, якія здзекуюцца над праваслаўным народам!» У  1936, калі праводзіўся прымусовы подпіс на дзяржаўную пазыку, М. пры сведках адмовіўся ад набыцця аблігацый: «Падпісвацца не буду, няма патрэбы ўмацоўваць гэтую ўладу». Вядома, такія словы яму не маглі дараваць. Арыштаваны Уздзенскім раённым аддзелам НКВД 6.8.1937. Асуджаны тройкай НКВД 16.9.1937 да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны пракуратурай БССР 23.3.1989. У 1999 Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы кананізаваны і далучаны да ліку святых новапакутнікаў.

Кр.: Описание церквей и приходов Минской епархии; Памятная книжка Минской губернии; Памятная книжка Минской епархии; НГАБ, ф. 2786, в. 1, с. 67; Житія и Жизнеописанія новопрославленныхъ святых и Подвижниковъ Благочестія, въ Русской Православной Церкви просіявшихъ (отъ царствованія царя-мученика Николая II Александровіча і до нашихъ дней). СПб., 2001. Т. 2 (августъ-декабрь); Жития священномучеников Минской епархии; Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. Мн., 2004.


* Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1869). Мінскай дырэкцыяй народных вучылішч прызначаны настаўнікам у Васілеўскую народную школу. З 1870 выкладаў у народным вучылішчы в.?Возера Мінскага пав., цяпер Уздзенскі р-н Мінскай вобл. З 1871 псаломшчык Успенскай царквы в. Слабада Пырашава Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Уздзенскі р-н. 26.8.1873 епіскапам Мінскім і Тураўскім Аляксандрам (Дабрыніным) рукапаложаны ў іерэя Спаса-Праабражэнскай царквы в. Грыцкавічы Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер Крупскі р-н Мінскай вобл. З 1874 настаяцель Раства-Багародзіцкай царквы в. Прылукі Мінскага пав. З 1879 служыў у?Мікалаеўскім храме в. Станькава Мінскага пав., цяпер Дзяржынскі р-н. 6.8.1885 пераведзены ў Іаана-Прадцечанскі храм в. Гавязна (тагачасны паштовы адрас: ст. Нясвіж) Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер в. Вішнявец Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Узнагароджаны набедранікам, скуф’ёй (да 1887). З 1893 настаяцель Раства-Багародзіцкай царквы в. Ліцвяны Мінскага пав., цяпер Уздзенскі р-н, благачынны (з 1904) цэркваў 3-й акругі Мінскага пав. Узнагароджаны нагрудным крыжам.

 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".