Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том III. Кнiга II. Дадатак  » КАРП Сяргей Венядзіктавіч (Бенядзіктавіч) 

КАРП Сяргей Венядзіктавіч (Бенядзіктавіч)

[1892, мяст. Астравец Віленскай губ., цяпер райцэнтр Гродзен­скай вобл. — 30.10.1937, Масква, НКВД], дзяржаўны дзеяч БССР. З 1912 член яўрэйскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, уваходзіў у яе кіруючыя органы. З 1912 працаваў у Швейцарыі. Пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 на савецкай і гаспадарчай рабоце ў Бабруйску, Мінску, Украіне. З 1919 па заданні Цэнтральнага бюро яўрэйскай секцыі (аддзела) пры ЦК РКП(б) ствараў левыя арганізацыі «Паалей Цыёна» ў Аўстрыі, Егіпце, Палесціне. З 1921 загадчык ад­дзела гарадской гаспадаркі, нам. старшыні, з 1923 старшыня выканкама Мінскага гарадскога савета. З 1924 наркам фінансаў, потым нам. старшыні СНК. Адначасова да 1927 старшыня Дзяржплана, затым Вышэйшага савета народнай гаспадаркі БССР. Член ЦВК БССР (1922—29). Член ЦК КП(б)Б (1927—29). З 1929 старшыня Дзяржплана РСФСР. Арыштаваны 10.7.1937 у Маскве па адрасе: Навінскі бульвар, д. 25, кв. 47. Асуджаны 29.10.1937 як «удзельнік антысавецкай тэрарыстычнай арганізацыі правых» да ВМП. Расстраляны на Данскіх могілках. Рэ­абілітаваны 22.2.1956 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР.

Кр.: ЭГБ, т. 4; Расстрельные списки: Донское кладбище.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".