Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга II. Дадатак » ДУБАХ Аляксандр Давыдавіч
[9.7.1883, в. Ботава Маскоўскай губ., цяпер Валакаламскі р-н Маскоўскай вобл. — 1942, Свярдлоўск], вучоны ў галіне меліярацыі і гідралогіі. Доктар сельскагаспадарчых навук. Акадэмік АН БССР (1928). Скончыў Маскоўскі сельскагаспадарчы інстытут (1908). Працаваў інжынерам-гідратэхнікам на меліярацыі сельскагаспадарчых і лясных зямель. З 1920 загадчык кафедры сельскагаспадарчай меліярацыі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1927—30 загадчык аддзела Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі. У 1925—30 старшыня Навукова-тэхнічнага савета пры Наркамземе БССР. Працаваў у Ленінградскай лесатэхнічнай акадэміі. Распрацоўваў пытанні лясной гідралогіі балот, уплыў лесу на рачны сцёк і інш. Дзякуючы яго працам гідралогія выдзелілася ў самастойную галіну навукі. Арыштаваны 25.10.1930 і этапаваны ў Маскву. 6.12.1930 пастановай СНК БССР пазбаўлены звання акадэміка. Вызвалены і рэабілітаваны 29.4.1932. Зноў арыштаваны 31.8.1937. Абвінавачваўся ў «падрыве дзяржаўнай прамысловасці, транспарту, гандлю». 29.9.1937 справа спынена. Пасля вызвалення жыў у Свярдлоўску. Адноўлены ў званні акадэміка АН БССР (1978).
Кр.: Памяць: Гiст.-дакум. хронiка Мінска. У 4 кн. Кн. 3-я. Мн., 2004. С. 597.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.