Галоўная » Даведнiкi » Ахвяры i карнiкi. » Ахвяры. 29-30.10.1937 г. » МУРЗО Сяргей Мікітавіч
[1912, Масква — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт, настаўнік. З сям’і рабочага. Да 1930 працаваў токарам на Віцебскім станкабудаўнічым заводзе «Камінтэрн». У 1934 скончыў МПІ.
З успамінаў З. Біралы: «Мой аднакурснік Сяргей Мурзо ў чарзе [па хлеб. — Л. М.] страціў прытомнасць. Апамятаўшыся, ледзь дайшоў да інтэрната».
З успамінаў С. Шушкевіча: «Дэкан інстытута знайшоў пад падушкай студэнта — былога віцебскага рабочага (Сяргея Мурзо. — Л. М.) — два тамы твораў С. Ясеніна і патрабаваў выключыць з інстытута чытача «кулацкіх упадніцкіх твораў». На агульным студэнцкім сходзе выступіў В. Маракоў. Ён нагадаў зборнік С. Ясеніна «Русь Савецкая», «Паэму пра 26», даказаў, што яго сябар ведае, як адрозніць станоўчае і патрэбнае ад шкоднага і слабога. Студэнт скончыў інстытут разам з усімі таварышамі крытыка-творчага аддзялення».
Друкаваўся з 1929. Належаў да так званых паэтаў-ударнікаў, асноўнай тэмай якіх было ўслаўленне працы рабочага. Быў членам Віцебскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Да арышту — настаўнік СШ у Краснаполлі Магілёўскай вобл. Арыштаваны 3.11.1936 у Мінску або пасля арышту дастаўлены ў Мінск, бо разам з шэрагам літаратараў абвінавачваўся ў адным злачынстве. Асуджаны 28.10.1937 тройкай НКВД як «член антысавецкай тэрарыстычнай шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі» да ВМП. Расстраляны 29.10.1937. Рэабілітаваны 10.11.1956 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа М. № 3929 захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобл.
З архіваў НКВД:
Справка.
Дело Мурзо Сергея Никитича вместе с заключением, в котором ставится вопрос о прекращении дела за отсутствием преступления, представлено 28.6.56 г. в… Коллегию Верховного суда СССР для рассмотрения. №№ 9-17987-37.
30.8.1956.
Тв.: Ля сталёвых бліскучых машын // Рытмы будавання. Віцебск, 1930.
Кр.: БП. Т. 4; Маракоў Л. Валеры Маракоў: Лёс, хроніка, кантэкст. Мн., 1999; Рэпрэсаваныя...
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.