|
|
|
|
|
|
|
|
Главная » Проза » Непамяркоўныя Аповеды пра рэпрэсаваных і іх нашчадкаў. Рэпрэсаваных, але не зломленых...
Вось дык скарацiў дарогу — пайшоў напрасткі, цераз парк, не захацеў аўтобуса пачакаць. Вось дык скарацiў дарогу... Праўда, «дваццаць чацвёрты» даваў кругаля, так што быццам i правiльна зрабiў, ды лепей было б яго пачакаць… I наўцёкі пусціўся рана! Да выхаду з парка яшчэ сотня — не меней! — метраў, i мужчына з прылiзанымi, бы мокрымi валасамi, які прычапіўся да яго, можа дагнаць. I што дзядзьку трэба? З’явiўся, быццам фокуснiк. Не было нiкога на дарожцы — i на табе, ёсць. Нiбы з-пад зямлi вырас. Заўсмiхаўся, адразу пахвалiў:
— Якi харошы хлопчык, якi харошы хлопчык! Мо яшчэ i выдатнiк? Угадаў? Паважаю выдатнiкаў. Асаблiва паглядных.
«Чаму толькi выдатнiкаў? — устрывожыўся Санька. — I чаму паглядных асаблiва?»
Прылiзаны мужчына, апрануты ў нятанны карычневы касцюм, светла-бэжавую сарочку з шырокiм модным гальштукам, выглядаў прыстойна i святочна, але нешта Саньку ў iм насцярожвала. Што? Пах! Мужчына нiбы ўвесь, з галавы да ног, быў абліты адэкалонам. I яшчэ — позiрк: вочы неспакойна бегаюць, нiбы ловяць каго цi шукаюць.
— Хлопчык! — па-бацькоўску паклаў руку на Санькава плячо незнаёмец. Азiрнуўшыся па баках i пераканаўшыся, што яны на дарожцы адны, дадаў: — Як ведаў, што цябе сустрэну. Глядзi, што ў мяне ёсць! Шакаладка! З арэхамi, порыстая, не нашая. Акурат табе. Бяры-бяры, не саромейся. Каштаваў такую? Смачная — язык праглынеш! — Рука незнаёмца, слiзгануўшы па Санькавым плечуку, апынулася на шыi. — Бяры, пакаштуй…
I вось тады, спалоханы прадчуваннем нечага страшнага, Санька, не прамовiўшы ні слова, кiнуўся наўцёкi. I правiльна зрабiў. Гэта быў адзiны шанец вырвацца з рук гвалтаўнiка i забойцы хлопчыкаў. Яго ўжо даўно шукалi ў горадзе. Санькава мама чытала ў газеце, што злачынец па спецыяльнасцi, хутчэй за ўсё, педагог (так меркавалi ў мiлiцыi) i валодае здольнасцямі гiпнатызаваць дзiця, ласкавымі словамi ўсыпляць яго пільнасць. I калi хлопчык даверлiва iшоў на кантакт з незнаёмым, але добрым дзядзькам, злачынец наносiў удар — нечаканы, рэзкi i, як правiла, ззаду. Аднёсшы ахвяру ў кусты, учыняў свой гнюсны здзек-гвалт. Аднаго ў мiлiцыi не маглi зразумець: навошта злачынец забiраў у сваiх маленькіх ахвяр трусiкi? Гэта ж рэчавы доказ супраць яго самога! Адказ быў неверагодна просты: памятка аб чарговай ахвяры! Кожны свой выхад маньяк старанна прадумваў, рабiў аналiз паводзiн ранейшых ахвяр. I яшчэ нi разу не пакiнуў слядоў.
Не думаў ён пакiнуць iх i цяпер, як і Саньку — жыццё.
Да агароджы, што акружала парк культуры i адпачынку iмя Чалюскiнцаў, заставалася ўсяго чуць-чуць, калi ўчэпiстая рука незнаёмца дацягнулася да хлопчыка i схапiла яго за каўнер. Санька рвануўся з апошнiх сiл i адчуў, што вырваўся, а той, што даганяў яго, грымнуўся на зямлю, закашляўся — няйнакш, ад пылу — і брудна мацюкнуўся.
Усё ж дарма людзі празвалі яго настаўнікам.
Страх звычайна скоўвае цела. Саньку ж, наадварот, дадаў сiлы. Ён сігануў проста на высокую дашчаную агароджу i ўхапiўся за востра зачэсаныя штыкеціны. Пякучы боль працяў далонь — пэўна, у яе ўпіўся незагнуты цвiк. Перамагаючы боль, Санька ўсё ж змог падцягнуцца на руках і перакiнуць правую нагу на другi бок агароджы.
Але і незнаёмец не марудзіў. Спрытна падхапіўся з зямлі i паспрабаваў зноў дагнаць вёрткага хлапчука, якi ўжо быў на агароджы i вось-вось мог скокнуць унiз.
На ўсё жыццё слова секунда будзе азначаць для Санькі нешта iншае, чым для большасцi людзей на зямлi. Секунда для яго стане не iмгненнем, а нечым вельмi значным, вартым кошту жыцця. Злачынец дапяў да агароджы якраз праз секунду пасля таго, як і другая Санькава нага апынулася на тым баку. Агароджа загайдалася, i хлопчык ледзь не кульнуўся назад. Выратавала сiла цяжару, бо Санька быў ужо на тым баку i агароджа, гайдануўшыся, скiнула яго ў невялiкi роў, выкапаны ўздоўж яе, каб не так проста было трапіць у парк.
Санька ўпаў няўдала: падвярнуў левую нагу, а з правай зваліўся новы кiтайскi кед. Хлопчык даўно марыў пра такi абутак (лёгкi, носкі, зручны), i ўрэшце маме неяк удалося, прастаяўшы паўдня ў чарзе, купiць жаданую абноўку. Санька хацеў быў падняць кед, але падалося, што агароджа не проста гайдаецца, а — падае на яго. Абапёршыся на зямлю каленкам вывiхнутай нагi i адштурхнуўшыся здароваю, ён выкаціўся з канавы і ўсхапіўся з зямлі. Падскокваючы i чыкiльгаючы, рушыў да аўтобуснага прыпынку. Трэба было б паклiкаць на дапамогу — там стаялi людзi, яны пачулi б, але вусны яго нiбы склеiлiся, анямелі, i Санька, хныкаючы i шморгаючы носам, наблiжаўся да прыпынку моўчкi.
Збялелы ад болю i страху Санькаў тварык раптоўна пасвятлеў: на прыпынку стаяў знаёмы хлопец з суседняга двара, студэнт унiверсiтэта i, да ўсяго, самбiст. Санька матлянуўся да яго — як да паратунку — i не асцярогся, ступiў на вывіхнутую нагу. Ад рэзкага болю ў вачах пацямнела. Трацячы прытомнасць, Санька ўсё ж паспеў сказаць:
— Памажыце!
Да студэнта-самбiста голас гэты даляцеў. Ён павярнуўся i ўбачыў, як хлопчык, бы падкошаны, упаў на зямлю.
«Спатыкнуўся? Чаму ж не ўстае? — падумаў з трывогай. — Нешта з малым не тое», — і кінуўся да Санькі.
А за плотам бег задыханы злачынец. Лепш сказаць, уцякаў. Гэта была яго першая няўдача. А за першай можа быць i другая, i трэцяя — не выходзіла з галавы. Значыць, рана цi позна яго зловяць! Гэты шчанюк уключыў яму лiчыльнiк. Не спакусiўся на салодкае, не стаў слухаць пахвальныя словы. Нейкiм недзiцячым чуццём адчуў небяспеку i даў дзёру. Яшчэ б адна секунда, усяго адна! Яе якраз і не хапіла. З гэтага моманту час паляцiць для яго — у якi бок? Хлапчук апiша яго знешнасць, рост, голас, дасць мянтам зачэпку. А гэтым гiцлям нiчога больш i не трэба — размотваць клубок яны ўмеюць.
Ён наблiжаўся да другога краю парка. Тут алея мінала агароджу i вяла да прахадной завода.
— Ф-у-у, — на ўсю сiлу выдыхнуў, стараючыся супакоiць дыханне.
Над прахадной стрэлкi гадзiннiка пераскочылi з лiчбы 16.29 на 16.30. I тут жа празвiнеў званок, якi абвяшчаў канец змены. Народ валам павалiў на вулiцу. Гвалтаўнік пачакаў, пакуль пярэдняя плынь мiне дзве амаль зрослыя ўнiзе таполi, за якiмi ён затаiўся, i, непрыкметна далучыўшыся да людзей, пайшоў разам з усiмi, згубiўшыся ў натоўпе. Як заўсёды, паспеў. Толькi раней паспяваў не толькі вярнуцца да канца змены. Паспяваў зрабіць галоўнае. Сёння ж не змог. «Пракляты шчанюк! Няйначай, ён недзе недалёка жыве. Можа выпадкова сустрэць ды пазнаць… Трэба апярэдзiць! Абысцi двары, вылавiць яго, пакуль не позна...»
Санька ачуўся на руках у суседа-самбiста.
— Жывы? — пачуў знаёмы вясёлы голас. — Куды ляцеў, як ад шалёнага сабакi ўцякаў? Здаецца, тут такiх не было.
— Цяпер завёўся, — адказаў Санька i, мацней абняўшы свайго выратавальніка, зноў заціх.
Калi сусед унёс Саньку ў кватэру, хлопчык не адразу пачуў прыкры, знаёмы яму пах адэкалону. Не адчуваў яго i сын «настаўніка» — ён да яго прывык.

Валерий Моряков. Судьба, Хроника. Контекст





Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I

Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967.


Репрессированные католические священники, монашествующие и светские особы Беларуси. 1917-1964

Репрессированные медицинские и ветеринарные работники Беларуси. 1920-1960

Главная улица Минска. 1880-1940 / Книга 1



100 миниатюр (перевод с беларуского языка)

Непримиримые (перевод с беларуского языка)



Поэзия Валерия Морякова







|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.