Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

О писателе Библиография Справочники Проза Валерий Моряков Новости Гостевая книга Связь

Главная » Пресса 

2008 г.

Інтэрв'ю "Радыё Свабода", пачатак чэрвеня 2008 г.

1.  Леанід, зьмест тваёй кнігі нагадвае сёньняшні тэлеэфір: забойствы, самазабойствы, гвалт. Нават у разьдзеле “Апавяданьні пра каханьне” не абыходзіцца без забойстваў, часам іх прыпадае па тры-чатыры на старонку. Няўжо ў гэтым табе бачыцца прызначэньне літаратуры? 

Забойства у мяне, заўваж, не самамэта, не забойства дзеля забойства. Забойства ў мяне або прымушанае — самаабарона, або абарона годнасці й гонару сваёй ці блізкіх. Забойства — гэта суд, нават самасуд, але што рабіць, калі ў краіне, дзе жывуць маі героі, па іншаму праўды й справядлівасці не адшукаць.

Самазабойства, здаецца, у “Сшытку кантрабандыста” сустракаецца толькі ў “Апошнім варыянце”. Але аповед гэты з элементамі містыкі й дэтэктыву, і таму да забойства ці самазабойства тут, відаць, трэба адносіцца не так як у рэальным жыцці, а троху з жартам…

Наконт гвалту. Нашу краіну ўжо гадоў 200 гвалцяць то тыя, то гэтыя… А ў меня ахвяра атпомсціла гвалтаўніку… Лічу добры прыклад, паказальны і ўзорны…

Прызначэнне літаратуры ці мастацтва мне бачыцца ў тым, каб у іх не было ніякага прызначэння. Упасі Божа. Гэта мы ўжо праходзілі…

А вось прызначэнне пісьменніка, лічу, адно — каб яго творы працягвалі жыццё тым, хто іх чытае. Ну й канешне, заклікалі да справядлівасці… А забойства, адзначу, яшчэ як можа быць справедлівым!

2.  У цябе ёсьць папярэднік — пісьменьнік Віктар Сазонаў з Горадні, колькі гадоў таму ён выдаў свае запіскі кантрабандыста, чаўнака, які возіць у Польшчу на продаж пераважна сьпірт. Твае фарцоўшчыкі гандлююць электронікай, аўтамабілямі… Але фарца — прыкмета савецкага часу, і як зьява паціху адышла ў нябыт. Ці тэма “купі-прадай” вечная?

Амаль ўсе старонкі “Сшытка забітага кантрабандыста” з 1998 да 2003 друкаваліся ў беларускім (і не толькі) перыядычным друку (пісаліся ж яны, канешне, раней). Друкаваліся як ў дзяржаўным друку: “Маладосць”, “ЛіМ”, “Звязда”, “СБ”. Гэтак і ў незалежным: “Дзеяслоў”, расійскія, украінскія літаратурныя сайты і інш. І таму Віктар Сазонаў, чыі “занатоўкі” з’явіліся, здаецца ў 2005 ці 2006 для мяне ніякі не папярэднік.

Папярэднік у мяне адзін Сяргей Пясецкі. Дый ён больш легенда, чым папярэднік, бо Пясецкі, як і Сазонаў не кантрабандысцкае жыццё апісалі. І нават не жыццё чалнака. Чалнок ці кантрабандыст — гэта той, хто насупярэк уладам у нераўных умовах, атрымаў адукацыю не горшую, чым служкі таталітарнага рэжыму. І атрымаўшы адукацыю, не стаў уступаць у крывавую бальшавіцкую партыю, служыць злачыннай уладзе, быць побач з ёю, карыстацца яе “дабрабытам”. А пайшоў сваім найцягачайшым шляхам.

Мой чалнок ці кантрабандыст гэта той, хто пры пераходзе дзяржаўнай мяжы — і не адной! — рызыкуе як мінімум дзесяткамі, а то і сотнямі тысяч даляраў, а значыць сваім жыццём. Гэта той, хто гуляе з агнём, са смерцю, бо за вышейпералічаныя лічбы могуць і забіць.

Той жа, хто спрабуе праз мяжу  перанесці гарэлку ці там парсюка, ці там абутак ці яшчэ што гэткае,  і мяжа тая, зусім як бы і не мяжа, як казалі ў вясёлыя 1990-я, — курица — не птица,  Польша — не заграница,  дык вось гэты чалавечак не чалнок, ці кантрабандыст. Гэта так, выйшаў пагуляць, аматар. Можаце самі ў таго чалавечка спытаць на памежным пераходзе. “Ты — чалнок”? І ён вам адкажа: — “Упасі Госпадзі!”

Наконт “купі-прадай”. Купі-прадай, Міхась, гэта – капіталізм. А вось зрабі і аддай за кавалак хлеба – гэта сацыялізм. Як спяваецца, думайце самі, рашайце самі…

3.  У твам апавяданьні “Чужаземец” падрабязна апісана камэра катаваньняў і нават усё жудаснае начыньне ката. Дзе ты спасьцігнуў гэты цёмны бок чалавечага жыцьця? 

Як-ніяк складзена каля 20000 біяграфіяў расстраляных ці загінулых у ленінска-сталінскіх канцлагерах дзеячаў культуры і грамадства Беларусі. Амаль усе яны цяпер ёсць на маім інтэрнэт-рэсурсе marakou.by. Большасць з рэпрэсаваных прайшлі праз сталінскі канвейер катаванняў. Дзень за днём, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам іх душылі, палілі, тапілі, ламалі ім косці, садзілі на кал, збівалі ў смерць. Кажуць, бальшавісцкія нелюдзі вучыліся катавать па паперах-рэкамендацыях інквізіцыі… І нават пайшлі далей, дакладней – ніжэй…

Наконт апавядання “Чужаземец”. Яно было з дзвюх частак. І без другой, якую ў выдавецтве “зарэзалі” яго зразумець да канца цяжка… Там апісваюцца катаванні, але рэч зусім не ў іх…

4.  У выдавецкі рэдакцыйны савет, які адобрыў тваю кнігу да выхаду, уваходзяць пісьменьнік-сэнатар Чаргінец і намесьнік міністра ўнутраных справаў Шчурко. У сувязі з гэтым, ці ня ставілася аўтару якія-небудзь умовы: прыкладам, уступіць у чаргінцоўскі Саюз пісьменьнікаў?

З вышэйпералічанымі спадарамі-начальнікамі не толькі не знаём, але і ніколі іх нават не бачыў у “жывую”.  Відаць і добра. Пры тым і для мяне і для начальнікаў. Бо як не перакінуся, нават, выпадкова колькі словамі з якім босам, праз нядоўгі час таго бедалагу апускаюць да шэрагавых… 

5.  Многія ведаюць цябе як даследчыка сталінскага тэрору. Пазалетась ты выдаў даведнік “Рэпрэсаваныя праваслаўныя сьвятары…”. Ці рыхтуюцца аналягічныя даведнікі пра рэпрэсаваных прадстаўнікоў іншых канфэсій? 

Пры актыўнай дапамозе Касцёла і асабістым удзелу біскупа Антонія падрыхтаваў том “Рэпрэсаваныя каталіцкія вернікі Беларусі: духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы”. Каля 800 біяграфій плюс імянны і геаграфічны (на 1000 касцёлаў) паказальнікі. Апошняе зрабіць было самым цяжкім і думалася, нават для мяне гэтая праца не пад’ёмная, але дзякуй Богу… 

6.  Я памятаю тваю першую кнігу “Валеры Маракоў: лёс, хроніка, кантэкст”, у якой расказвалася пра твайго дзьядзьку-паэта, расстралянага ў 1937… Ці думаў ты тады, што станеш пісьменьнікам-дэтэктыўшыкам? 

Тады ў 1997—1998  я быў упеўнены, што калі не праз 5 дык праз 10 гадоў мы абавязкова будзем у Еўрасаюзе. Во быў наіўны! Тады я марыў: гадоў за 20 калі змагу скласці  3 тамы рэпрэсаваных, дык можна паміраць спакойна — жыццё не прайшла марна. Выйшло ужо 9 тамоў рэпрэсаваных, рыхтуецца яшчэ 6, але думкі, што праца жыцця можа рухнуць разам з радзімай у бездань усё часцей наведваюць мяне… І як нам адчапіцца ад “брацкай” Расіі… Во, сябра, які дэтэктыў трэба разгадваць!

7.  Леанід, ты згадаў, што рыхтуецца яшчэ 6 тамоў?

Пяць. Том “Рэпрэсаваныя каталіцкія святары”, як я казаў, ужо падрыхтаваны. Цяпер заканчываю складанне тома “Рэпрэсаваныя медыцынскія і ветэрынарныя работнікі”. Паралельна працягваецца праца над томам “Беларусы ў расейскіх канцлагерах”. Далей паспрабую скласці том “Рэпрэсаваныя службоўцы”, куды войдуць біяграфіі дырэктароў прадпрыемстваў, інжынераў, юрыстаў, вайскоўцаў (усяго каля 5 тысяч чалавек!). Ну й пасля гэтага можна будзе брацца і за “Ахвяры і карнікі - ІІ”.

8. А што з мастацкімі творамі?

Не ведаю, ці можна, гэта назваць мастацкім творам, але заканчываю пісаць сцэнар мастацкага фільма па адной з рэчаў з “Сшытка забітага кантрабандыста”. Плануецца таксама выдаць “Непамяркоўных”, “Апавяданні пра каханне” і “Сшытак кантрабандыста” на расейскай мове. Апошняя рэч, верагодна, выйдзе й на польскай. І увогуле, наконт прозы. Першае апавяданне “Яблыня” я напісаў у канцы 1998 (памятаецца, Міхась, ты яго першым і чытаў і нават, пасля таго чытання са здзіўленымі вачыма, паціснуў мне руку, а цяпер я з табой пра ўсё гэта гутарку вяду. Во лёс!). Апошняя рэч “Байцы нябачнага фронта” скончана ў пачатку 2004. За пяць гадоў больш за 50 аповедаў і каля 200 шот-сторы – мініяцюр. І вось ужо амаль 4 гады нічога не пішацца. Відаць, хтосьці там, на версе, вырашыў далей мяне не балаваць… А можа, проста палічыў, што спачатку я павінен зрабіць святое – скончыць складанне ўсіх запланаваных 15 тамоў “Рэпрэсаваных дзеячаў культуры і грамадства Беларусі?”


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".