Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

О писателе Библиография Справочники Проза Валерий Моряков Новости Гостевая книга Связь

Главная » Пресса 

1997-2007 гг.

Інтэрв’ю Леаніда Маракова газеце «Звязда»

Леаніда Маракова чытачам нашай газеты прадстаўляць не трэба — ён адзін з актыйнейшых звяздоўскіх аўтараў. На старонках “Звязды” толькі за апошні год-паўтара надрукаваны ці не тузін ягоных апавяданняў. А між тым гэты незвычайны і таленавіты чалавек заявіў аб сабе ў літаратуры зусім нядаўна і ўжо ў досыць сталым веку — недзе на сконе чацвёртага дзесятка  гадоў. У юнацтве, праўда,  пісаў вершы, аднак же захапляўся дакладнымі навукамі і стаў фізікам. Працаваў у АН БССР. Але, напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя, заняўся бізнесам і досыць паспяхова, зарабляў па цяперашнім часе немалыя грошы. Але па волі выпадку ўсвядоміў сябе пляменнікам вядомага ў свой час паэта Валерыя Маракова, растралянага ў 1937-м годзе, і зацікавіўся яго трагічным лёсам і творчасцю. Пачаў шукаць звесткі пра дзядзьку, любімага вучня Янкі Купалы, — шукаць спантанна і скрупулёзна збіраць усё, што тычылася В.маракова, ягонага часу і атачэння. У выніку нарадзілася кніга пра жыццё і творчы шлях паэта — ахвяру сталінскіх рэпрэсій. Кніга, нягледзячы на маленькі наклад (выдавалася за ўласны кошт), мела вялікі поспех, выклікала каля двух дзесяткаў рэцэнзій і водгукаў. Пра яе пісалі Уладзімір Конан, Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі, Анатоль Вярцінскі, Лідзія Савік, Алесь Бельскі... І ўсе яны адзначалі, што мала хто з вядомых даследчыкаў рабіў падобную карпатлівую працу, скарыстаўшы ці не апошнюю мажлівасць зберагчы памяць пра дзесяткі і сотняў бязвінна забітых і замардаваных дзеячаў беларускай культуры. Апошнюю, бо жыццё чалавечае — кароткае і нешматлікія сведкі тых часоў зыходзяць ад нас. У імянным паказальніку кнігі — каля чатырохсот імёнаў!

Гэты паказальнік падказаў ідэю другой кнігі — даведніка «Вынішчэнне», у якім аўтарам упершыню сабраны звесткі пра літаратараў Беларусі, якіх рэпрэсавалі ўлады царскай Расіі і СССР, польскія, нямецкія і іншыя рэжымы.

Амаль адначасова з гэтымі кнігамі-хронікамі Леанід Маракоў пачаў пісаць артыкулы пра трагічныя старонкі гісторыі беларускай літаратары, а потым — і апавяданні. Прататыпы герояў першых яго твораў былі тыя ж людзі, з лёсамі якіх ён сутыкнуўся падчас пошуку інфармацыі пра дзядзьку, тыя ж рэпрэсаваныя празаікі і паэты, іншыя прадстаўнікі беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі.

Мастацкую прозу Леаніда Маракова чытачы і літаратурная грамадскасць таксама сустрэлі з цікавасцю, бо тэматыка ягоных твораў — зусім не традыцыйная, праблематыка — вострая і надзённая, сюжэты — вельмі дынамічныя, з непрадказальнымі фіналамі. Яго друкуюць і пішуць пра чытэльнасць ягоных твораў, як незалежныя выданні, так і дзяржаўныя...

На рахунку Леаніда Маракова сёння — тры кнігі прозы. У студзені сёлетняга года ён стаў сябрам адразу двух творчых суполак: пісьменніцкай і журналісцкай. Ён самы чытэльны беларускі аўтар віртуальнай бібліятэкі Машкова ў інтэрнеце. Неўзабаве выйдзе яго чацвёртая кніга прозы — “100 мініяцюр”.

Нашу размову з ім Леанід Маракоў пачынае з падліку страт нашага народа ў XX стагоддзі. Ён згодзен з тымі, хто сцвярджае, што калі б не першая і другая сусветныя войны і сталінскія рэпрэсіі,  насельніцтва Беларусі было б прынамсі ў два разы большае, чым цяпер. Самае ж жахлівае, што ў трыццатыя гады была вынішчана беларуская інтэлектуальная эліта. 

— Я ж не ведаў, што ў нас на дзесяць мільёнаў насельніцтва “чытэльную” аўдыторыю беларускай літаратуры складаюць усяго нейкія лічаныя сотні чалавек. Гэта — жах!

— І Вы звязваеце гэта з чалавечымі стратамі XX стагоддзя?

— І са стратамі і са сталінска-хрушчоўска-брежнеўскай русіфікатарскай палітыкай. У выніку ў гарадах амаль знікла беларуская мова, беларускамоўных школ засталіся лічаныя адзінкі, у вясковыя школкі сёння часцей за ўсё малакамплектныя. Праўда, у савецкія гады вясковым юнакам і дзяўчатам паступіць у ВНУ было не так ужо і цяжка: дзейнічалі такія-сякія льготы. Гэта, дарэчы, адбілася на характары, адметнасці нашай беларускай літаратуры, вызпачыла яе пэўную абмежаванасць. Што я маю на ўвазе? У прыватнасці вось што. Вяскоўцы паступалі ў ВНУ, а потым ішлі працаваць у рэдакцыі, пачыналі пісаць, прыходзілі ў літаратуру. А весь іх жыццёвы вопыт — вёска і рэдакцыя. Чаму людзі сёння амаль не чытаюць апавяданняў беларускіх пісьменнікаў? Таму што 90 працэнтаў іх твораў — пра вёску і партызаншчыну, гэта два асноўныя сюжэты нашай літаратуры, а свет жа ідзе далей.

Адзін з самых моцных нашых празаікаў — Іван Пташнікаў, але рытм яго па-майстэрску напісаных твораў, той жа “Алімпіяды”,  скажам, не адпавядае рытму жыцця сучаснага чалавека, асабліва гараджаніна.

— А, можа, тут праяўляецца наша нацыянальная традыцыя, зрэшты, не толькі наша. У зборніку паэтаў Ісландыі, напрыклад, таксама ўсе вершы пра одно і тое ж — вёска ля мора, дзяцінства басаногае, карацей — вясковая буколіка.

— Але ж у нас сёння з дзесяці мільёнаў — два с паловай жыве ў Мінску, а яшчэ мільёнаў пяць — у іншых гарадах і гарадках. Большая частка маладога пакалення адлучана ад вёскі, яму сёння не цікава чытаць, як у калгасе бясконца п’юць самагонку і закусваюць нашай славутай скваркай.

— А, можа, вінаваты тут і моцны ўплыў рускага суседа? Рускія пісьменнікі запаўняюць нішу чытэльнай літаратуры. Чытэльная літаратура ў нас — гэта альбо расійская, альбо перакладная. Таму нашы людзі і не зведваюць патрэбы  пачытаць нешта, так бы мовіць, айчыннай вытворчасці, — рынак запоўнены.

— Не, беларускую літаратуру не чытаюць не таму, што рынак запоўнены, а таму, што практычна няма беларускамоўнага чытача. Я зноў вяртаюся да сістэмы адукацыі. Занадта мала беларускіх школ, каб з’явіўся чытач, якому была б патрэбна літаратура на беларускай мове. І ў гэтай сітуацыі ад літаратурных часопісаў патрабуюць накладаў. Адкуль ім узяцца? Няма школ — няма чытача. Замкнёнае кола.

Канешне, існуе моцная руская літаратура, моцная сусветная — ад японца Акутагавы Руноске да суперфантаста амерыканца Роберта Шэклі. Паўднёва-амерыканцаў Маркеса, Борхеса,  таго ж Хэмінгуэя… Згадаю сённяшніх расійцаў — Велера, Ерафеевых... Сёння ёсць магчымасць набыць усё, што пажадаеш. Таму, каб цябе чыталі, трэба, каб у цябе было не горш, чым у тых, каго ўжо чытаюць: дынамічны, добра выпісаны сюжэт, высокі слоўны жывапіс, каб можна было атрымаць асалоду ад кожнага сказа. Адно з двух павінна быць абавязкова. Два варыянты чытэльнасці. 

— Яшчэ — скандальнасць. Нешта такое не зусім прыстойнае, але прыцягальнае. Гэтага, можа, якраз і бракуе нашай літаратуры. Часам узнікае патрэба неяк ускалыхнуць балота. У нас жа ўсё вельмі сціпла, без аніякага куражу.

 — Ну чму ж? І ў нас ёсць аматар куражу —  Адам Глобус,  дарэчы, вельмі таленавіты  літаратар. Калі ж браць па вялікім рахунку, дык у нас практычна не з’яўляецца апавяданняў у класічным разуменні гэтага жанру.

— Аднак давайце вернемся да Леаніда Маракова, які жыў не тужыў да трыццаці сямі гадоў — Пушкінскі ўзрост, дарэчы, — і  раптам кінуў усё, чым займаўся і … пачаў пісаць апавяданні, за год выдаў тры кнігі прозы, друкуецца ў вядучых беларускіх часопісах, газетах…

— Калі гэтв ваш сказ доўжыць, дык пахвалюся, што і сёлета павінны выйсці тры кнігі. Першая — “Сто мініяцюр”. Напэўна, мне не ўдалося ўсе сто зрабіць мініапавяданнямі, але імкнуўся наблізіцца да гэтага. Наступная падрыхтаваная кніга — “Госці”. Яе склалі 12 новых рэчаў. І трэцяя — зборнік, так званых, “крымінальных апавяданняў”… Паралельна з гэтай працай працягваю збіраць матэрыялы для “Энцыклапедыі рэпрэсаваных беларускіх літаратараў”...

— Леанід, гэта падобна на нейкую гонку, што або хто ставіць перад Вамі такія задачы?

— Пытанне — няпростае і нялёгкае. Адказ можа быць і сур’ёзны і трошкі жартоўны, альбо і той, і другі разам. Мяне непакоіць, напрыклад, адна акалічнасць. Усе, хто пісаў апавяданні, мала жылі. І Франц Кафка, і Джэк Лондан, і О’Генры, і ўжо згаданы Акутагава і некаторыя іншыя знакамітыя пісьменнікі — менавіта апавядальнікі. Я час ад часу задумваюся: выпадкова гэта ці не? У адным з апавяданняў апісаў сваю пагібель. Там я спачатку страчваю правую руку, потым наогул магчымасць пісаць... Пазней, падчас апошняй паездкі ў Германію, у мяне на нейкі час ні з таго ні з сяго аднялася правая рука, недзе тыдзень не мог ёй паварушыць... Містыка! Напэўна я настолькі глыбока пагрузіўся ў выдуманую рэальнасць, што гэта неяк фізічна падзейнічала на мяне. Сапраўды, калі я пішу, часам баюся звар’яцець. Не заўсёды ўдаецца адразу выйсці адтуль, з сюжэта, сарыентавацца, што адбываецца тут, у рэальнасці. Можа вінаваты ўзяты тэмп — за два гады напісана больш за 50 апавяданняў, каля 200 мініяцюр і больш за сотню артыкулаў, падрыхтаваў кнігу твораў майго дзядзькі —  пяцісотстаронкавы аднатомнік Валерыя Маракова, які ніколі так і не быў выдадзены ў нармальным, непакалечаным выглядзе.

— Любоў да падліку выдае ў Вас нядаўняга бізнесмена. Але ж, здаецца, Маракова ніхто не прымушае выконваць і перавыконваць план па напісанні апавяданняў?  Тым не менш, цяжка пазбавіцца ад адчування, што нешта Вас моцна штурхае ў спіну.

— Калі ўжо вы зноў пра падлікі, дык і яшчэ — некалькі лічбаў. Тры кнігі, якія выйшлі, былі дэбютныя, на сёння я зрабіў у іх больш за 400 правак. Калі выйдуць усе сем кніг прозы (у тым ліку дзве кнігі мініяцюр, я хачу зрабіць з іх Greatest’s Hits. Вось з імі, лепшымі сваімі хітамі, я і збіраюся ісці далей.

Чаму спяшаюся? Баюся памерці. Сур’ёзна. Калі ў пятнаццаць гадоў ляжаў у гомельскай бальніцы, у мяне бралі пункцыю, што не трэба было рабіць. І тады я падслухаў словы ўрачоў: “Пасля сарака пяці ён не жылец”. Таму я й спяшаюся. Хаця сёння дактары кажуць, што гэта — лухта. Тым не менш, у галаве аселі тыя словы гомельскіх дактароў.

— Хто с сучасных апавядальнікаў Вам падабаецца?

— Міхаіл Велер — моцны майстар гэтага жанру, Віктар Ерафееў... Праўда, Ерафееў апошнія гады не піша апавяданняў. А ў нас з тых, хто піша, спрабуе нешта зрабіць у гэтым жанры — Андрэй Федарэнка, Барыс Петровіч, Юры Станкевіч, Алесь Наварыш, Адам Глобус, Людміла Рублеўская… Мала іх.

— У Германію Вы ездзілі па літаратурных справах?

-— Так, там перакладзена некалькі маіх апавяданняў, трэба было паехаць, каб вызначыцца, у якія часопісы іх прапанаваць.

— А якія рэчы зацікавілі немцаў?

— У іх была толькі першая мая кніга, і яны ўзялі адтуль найперш тыя апавяданні, якія датычацца немцаў, — “Дарвін не памыляўся”,  “Свае  і чужыя”...

— Наклад выдадзеных Вамі кніг невялікі. Па чым Вы арыентуецеся, наколькі людзям цікава тое, што пішаце?

— Па тым, наколькі ахвотна мяне друкуюць газеты і часопісы, па водгуках пісьменнікаў, а сёння галоўным чынам — па “павуціне”. Я змясціў некалькі рэчаў у інтэрнет-бібліятэку Машкова. За тры месяцы без усялякай раскруткі было каля дзвюх тысяч прачытанняў. Сярод аўтараў не з Расіі — гэта абсалютны рэкорд. Праўда, як паказаў, што з Мінска, за мяне сталі значна менш галасаваць. Чытаць — чытаюць, а галасуюць — за сваіх, — я так разумею. А бывае, што нават “галасы” тых, хто прагаласаваў знікаюць... І вось яшчэ што дзіўна: зусім не тыя апавяданні найбольш папулярныя, пра якія я думаў. Напрыклад, са “Ста мініяцюр” найбольш чытэльная — “Сад” некалькі радкоў пра дзяцей у пясочніцы. Зрэшты, не зусім пра дзяцей і не зусім пра пясочніцу...

— Значыць, замахнуліся заваяваць сусвет — не больш не менш?

— Так. (Смяецца) У мяне ў жыцці ёсць дзве галоўныя мэты. Першая — выдаць энцыклапедыю рэпрэсаваных беларускіх літаратараў. На гэта грошы абяцалі даць галандцы. Акрамя таго — кнігу сваіх артыкулаў. Там шмат унікальнай інфармацыі, сабранай па крупіцы на працягу пяці гадоў. Некаторыя імёны ўвогуле можна будзе знайсці толькі  ў гэтай кнізе. Напрыклад, вы больш нідзе нічога не знойдзеце пра ўзвышэнца (так-так!) Сяргея Русаковіча або крытыка Макара Шалая. У кнізе артыкулаў будзе узгадана каля 800 імёнаў.

Другая мэта — навучыцца пісаць гэтак, каб мяне публікавалі сапраўды ва ўсім свеце.

— Леанід, ці вядомыя Вам сумненні?

— У тым, што мае апавяданні чытэльныя, я не сумняваюся, бо маю доказы. Канешне, двух гадоў мала, каб спазнаць усе сакрэты пісьменства. Людзі ўсё жыццё вучацца. Але, напэўна, мне ўсё ж дапамагаюць дзядзькавы гены. А ў дадатак, у мяне ёсць свой дэвіз: калі нечага немагчыма дасягнуць, гэтага трэба дасягнуць любым коштам. Нават коштам  самога жыцця...

Раней я думаў, што дастаткова напісаць пяць — дзесяць апавяданняў і далей будзе значна лягчэй, наб’еш руку і ўсё пакаціцца само сабою. Аказалася ўсё не так. Кожнае апавяданне пішаш, як дэбютант, як першы раз. І кожны раз я думаю, што больш нічога не змагу напісаць, гэта апошняя рэч, фініш. Але праходзіць час і раптам — новае апавяданне. І яшчэ: я ніколі не выношваю сюжэты і не ведаю, пра што напішу заўтра. Усё з’яўляецца адтуль і нечакана...

— А як Вы  пішаце? Дзе?

— Так атрымалася, што першае апавяданне напісаў у... ванне. З таго часу там і пішу.  Побач на ўсялякі выпадак, ляжаць папера, аловак і гліцэрын.

— Колькі гадзін Вы прымаеце ў такім выпадку ванну?

— Бывае, што і пяць, і шэсць, а то і з раніцы да вечара. Тады і гліцэрын патрэбным аказваецца... Я заўсёды пачынаю дзень з прыняцця ванны. У адным выпадку з трох бяруся там за аловак. І ўжо не выходжу, пакуль не дацягну да фіналу. “Дапрапісваць” магу ўжо і на камп’ютары.

— Жонка чытае Вашы апавяданні?

— Так. Ёй больш падабаюцца першыя — пра рэпрэсавных.

 — Леанід, адкрыйце сакрэт: дзе знаходзіце сродкі на выданне кніг?

— Дапамагаюць сябры, якія засталіся ў бізнесе.  Да таго ж, я ўвесь час друкуюся. Хай мізерныя ганарары, але ж, як кажуць, капейка да капейкі... Вы не паверыце, але публікацыя ў газеце “Звязда” дазваляе мне “атрымаць” тузін ганарараў. Кожны раз, калі выходзіць у “Звяздзе” маё апавяданне, купляю газет дзесяць і калі спыняюць даішнікі за перавышэнне хуткасці (а гэта бывае часта, і штраф за такое парушэнне 15 — 20 тысяч рублёў), я ім прапаноўваю “Звязду” са сваёй публікацыяй. Пакуль што гэта спрацоўвала безадмоўна.

Хоць, канешне, бывае, што нават на хлеб бракуе. Сябры-бізнесоўцы з’язджаюць паціху ў іншыя краіны...

—  Леанід, Вы казалі пра дзве умовы добрага апавядання: дынамічны сюжэт і майстэрства слова. Вы з’яўляецеся як раз такі ўладаром займальных сюжэтаў.

— Мне пашанцавала: я пабачыў свет, зведаў жыццё. Урэшце, зразумеў, што такое сапраўднае жыццё, а не існаванне. А жыццё — гэта сюжэты. Яно самы вялікі выдумшчык. Часам мяне вінавацяць у штучных фіналах. Аднак я лічу, што фінал акурат павінен паварочваць пададзеныя падзеі на ўсе 180 градусаў і быць непрадказальным. Але не меней важна і добра выпісаць твор, знайсці адпаведную танальнасць і адзіна неабходнае слова. Я імкнуся да гэтага. Галоўнае, як на маё разуменне, каб рэч лёгка чыталася, як кажуць — улёт!

— Што агульнага ў бізнеса з пісьменствам?

— І там і тут трэба шмат працаваць. Нажаль, адно з адным зусім не сумяшчальныя. У гэтым я паспеў пераканацца. Або — бізнес, або — літаратура. Я выбраў літаратуру. А памыліўся ці не, адказаць можа толькі час...

— Здаецца, ужо адказвае... Што ж, дзякую за размову! Поспехаў у Вашых амбіцыёзных мэтах і планах!

 

 

Размаўляла Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

 


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".