Главная » Справочники » Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. II » Том II » ТАМЧУК (ТОМЧУК) Нікіта Трафімавіч
[14.9.1888, в. Старакорнін Бельскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Польшча — 11.6.1955, Гродна], протаіерэй. З сялянскай сям’і. Скончыў народнае вучылішча ў роднай вёсцы (1900), вучыўся ў Драгічынскай 2-класнай царкоўна-прыходскай школе. З 1903 настаўнік Стара-Бучыцкай царкоўна-прыходскай школы Холмска-Варшаўскай епархіі, з 1904 — Ягаднінскай царкоўна-прыходскай школы Бельскага пав. (цяпер тэрыторыя Польшчы), з 1905 — Канстанцінаўскай царкоўна-прыходскай школы Холмска-Варшаўскай епархіі. 23.11.1906 вытрымаў экзамен на званне псаломшчыка пры Гродзенскай духоўнай кансісторыі. 15.1.1907 прызначаны ў Мікалаеўскі храм в. Пяскі Ваўкавыскага пав., цяпер Мастоўскі р-н Гродзенскай вобл. 18.8.1909 пераведзены ў Крыжаўздзвіжанскую царкву в. Вярстак, цяпер Польшча. 7.6.1914 вытрымаў экзамен і 14.5.1915 епіскапам Беластоцкім Уладзімірам (Ціханіцкім) рукапаложаны ў дыякана. 25.6.1915 накіраваны ў Старакорнінскі храм. 4.9.1918 часова прызначаны дыяканам Краснастоцкага жаночага манастыра, эвакуіраванага ў Маскоўскую губ. Вярнуўся на радзіму ў 1921. 14.11.1921 епіскапам Бельскім Сергіем (Каралёвым) рукапаложаны ў іерэя. 26.11.1921 накіраваны памочнікам настаяцеля Старакорнінскага прыхода. З 1925 другі святар Свята-Троіцкага сабора ў Бельску (Польшча), з 1926 — у Міхайлаўскім храме ў Скідзелі Гродзенскага пав., цяпер Гродзенскі р-н, з 1928 настаяцель Пакроўскай царквы в. Дубічы Бельскага пав. (Польшча). З ліст. 1931 настаяцель Гродзенскага жаночага манастыра. Быў жанаты на Вользе Раманаўне (1.12.1891—28.12.1977), меў дачку Лідзію (н. 11.3.1916), і двух сыноў (старэйшы загінуў падчас 2-й сусветнай вайны; малодшы ў першай палове 1950-х г. быў студэнтам). Арыштаваны 26.9.1944. Асуджаны 12.3.1945 трыбуналам войск НКВД Гродзенскай вобл. па артыкуле 63—1 КК БССР за «здраду радзіме» да 10 гадоў ППК і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Этапаваны ў Азёрны канцлагер МУС Іркуцкай вобл. (Тайшэт, Брацк). Вызвалены 27.9.1954. Вярнуўся на радзіму невылечна хворым. Рэабілітаваны ў 1956.
Кр.: Архіў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, ф. 1, в. 2, с. 577.
|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.