Главная » Справочники » Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. II » Том II » СТРУКОЎСКІ (СТРУКОВСКИЙ) Мікалай
[25.12.1887 ці 25.12.1890, в. Старажоўцы Мазырскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл. — 1981], мітрафорны протаіерэй. Сын Фёдара Анастасавіча Струкоўскага і Сафіі Пятроўны Яхневіч, брат Іаана і Сергія Струкоўскіх. Скончыў Пінскае духоўнае вучылішча (1906), Мінскую духоўную семінарыю (1913). Працаваў настаўнікам у 2-класным народным вучылішчы в. Грозава (Грозаў) Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер Капыльскі р-н Мінскай вобл. У 1914 мабілізаваны ў армію. Удзельнічаў у 1-й сусветнай вайне. Служыў псаломшчыкам у 85-м апалчэнскім палку. Паранены (1916). Лячыўся ў Мінскім шпіталі. 22.7.1917 павенчаны з Нінай Вісарыёнаўнай Рубановіч (н. ў 1892). 12.9.1919 епіскапам Мінскім і Тураўскім (будучым мітрапалітам Мінскім і Беларускім) Мелхіседэкам (Паеўскім) рукапаложаны ў дыякана, 14.9.1919 у іерэя і прызначаны настаяцелем Раства-Багародзіцкай царквы в. Амговічы Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Слуцкі р-н Мінскай вобл. Арыштаваны 14.3.1933. Асуджаны 9.6.1933 з вікарным епіскапам Слуцкім Мікалаем (Шамяцілам) і 20 святарамі асобай нарадай пры АДПУ за «антысавецкую агітацыю і як член контррэвалюцыйнай арганізацыі» дa 5 гадоў ППК. Этапаваны ў Беламорска-Балтыйскі канцлагер АДПУ Карэльскай АССР. У 1939 вызвалены і ў 1940 атрымаў дазвол выехаць у Сяміпалацінск Казахскай ССР, куды была выслана яго сям’я. Не маючы магчымасці служыць у царкве (усе мясцовыя храмы былі закрыты або разбураны), працаваў бухгалтарам у Сяміпалацінскім аптэкаўпраўленні. На радзіму вярнуўся ў 1945 з жонкай, але без дзяцей, якія загінулі падчас вайны ад малярыі. 30.1.1946 архіепіскапам Мінскім і Беларускім Васіліем (Ратміравым) накіраваны ў Георгіеўскую царкву в. Альба Косаўскага благачыння (цяпер Івацэвіцкі (?) р-н Брэсцкай вобл.), але ў спаленай вёсцы не было дзе жыць і 12.9.1946 архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім Даніілам (Юзьвюком) пераведзены ў Раства-Багародзіцкі храм в. Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. 16.3.1947 прызначаны ва Успенскі храм в. Ліпнікі таго ж р-на. З 24.11.1955 настаяцель Стрэчанскай царквы Драгічына Брэсцкай вобл., благачынны Драгічынскай акругі (да яе ліквідацыі 5.7.1962). Узнагароджаны набедранікам (1922), скуф’ёй (1925), камілаўкай (1928), нагрудным крыжам (1930), санам протаіерэя (1933), паліцай (1949), крыжам з упрыгожаннямі (1953), мітрай (1960). 3.10.1964 з-за хваробы выйшаў на пенсію. Рэабілітаваны 2.4.1965 судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР. Групавая справа С. і інш. № 27605-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: Памятная книжка Минской губернии; Архіў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, ф. 1, в. 2, с. 578.
|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.