Главная » Справочники » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III » Том III. Кнiга II » РОЗНЕР Эдзі
(Адольф-Эдуард; сцэнічныя псеўданімы ў Германіі і Польшчы — Адзі, Джэк; імя і імя па бацьку паводле пашпарту ў СССР — Эдуард Ігнацевіч) [26.5.1910, Берлін — 8.8.1976, Зах. Берлін], джазавы трубач, кампазітар, аранжыроўшчык, шоўмэн. У 1929 скончыў Вышэйшую музычную школу ў Берліне. Віртуозна валодаў ігрой на трубе. У 1933 стварыў у Берліне джазавы аркестр. З узмацненнем антысеміцкай палітыкі ў нацысцкай Германіі ў 1935 адмовіўся туды вярнуцца пасля еўрапейскага турнэ. Праз Цюрых і Прагу дабраўся да Польшчы. З 1936 працаваў у аркестры Ю. Бяльзацкага, узначальваў аркестры ў Варшаве, Кракаве, Лодзі. Працягваў гастрольную дзейнасць у Еўропе. Амерыканская фірма гуказапісу «Columbia Records» выпусціла яго альбом у серыі «Сусветна вядомыя музыканты». Пасля нападзення 1.9.1939 Германіі на Польшчу Р. апынуўся ў Львове, адкуль у кастр. запрошаны ў Беласток, дзе фармаваўся джазавы аркестр БССР. У 1940 узначаліў Дзяржаўны джаз-аркестр БССР, які стаў лепшым свінгавым біг-бэндам СССР 1940-х г. 18 і 21.4.1940 у Мінску адбыліся першыя канцэрты аркестра, якія выклікалі сапраўдны ажыятаж. У вер. 1940 аркестр нечакана запрасілі дзеля аднаго канцэрта ў Сочы, дзе ён выступіў перад пустою залаю. На наступны дзень высветлілася, што ў зашторанай ложы сядзеў Сталін, якому канцэрт спадабаўся. Гэта стала для Р. «парасонам бяспекі», а ў студз. 1944 Р. атрымаў званне «Заслужаны артыст БССР». У другой палове 1944 аркестр вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў пры асабістым спрыянні П. Панамарэнкі. 18.8.1946 у газ. «Известия» з’явіўся артыкул «Пошлость на эстраде», які быў фактычна публічным даносам. 28.11.1946 Р. арыштавалі ў Львове (адкуль ён спрабаваў выехаць у Польшчу) і этапавалі ў Маскву, дзе зняволілі на Лубянцы. Пастановай асобнай нарады пры МДБ 7.7.1947 ён быў асуджаны да 10 гадоў ППК і этапаваны ў адзін з Магаданскіх канцлагераў. Створаны Р. джаз-аркестр 1.8.1947 распусцілі, і ён ніколі ўжо не быў адноўлены. У лагеры Р. зноў арганізаваў аркестр, выступы якога прыносілі вялікі прыбытак лагернаму начальству. Вызвалены 22.5.1954. Рэабілітаваны (1954). У Маскве нейкі час жыў у кватэры А.Райкіна. Працягваць музычную дзейнасць у Мінску ўлады БССР не дазволілі. Кіраваў эстраднымі аркестрамі Масквы, з 1969 — аркестрам, фармальна прыпісаным да Гомельскай абл. філармоніі. Аўтар шматлікіх папулярных песень і танцавальных мелодый: «Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча», «Хлопец-хлапчук», «Бывай каханне»; агучваў фільм «Карнавальная ноч». Шматлікія творы ў выкананні аркестраў пад яго кіраўніцтвам запісаны на грампласцінках. У 1972, страціўшы з-за стану здароўя магчымасць іграць на трубе, пакінуў сцэну. Пераехаў у Зах. Берлін. Наступныя 16 гадоў яго імя ў СССР зноў апынулася пад забаронай, а грамзапісы не распаўсюджваліся.
Літ.: Цейтлин Ю.В. Взлеты и падения великого трубача Эдди Рознера. М., 1993; Басин Я. Музыка и тьма // JAZZ-квадрат. 1998, №1—8; Яго ж.Эдзі Рознер — легенда беларускага джаза // Край = Kraj (Polonika — Albaruthenica — Lithuanica). 2002. № 3—4.Петров А. Черный кот in blue. М., 1998. С. 42—54.
|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.