Главная » Справочники » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III » Том III. Кнiга I » БЯЛЕВІЧ Яфім Яфімавіч
[15(27).2.1888, Мінск — 13.12.1942, Магадан, ГУЛАГ], дзеяч бел. нацыянальнага руху. Вучыўся ў Мінскай гімназіі, з якой за ўдзел у вучнёўскіх беспарадках у 1907 выключаны і арыштаваны. Хутка вызвалены. Скончыў гімназію экстэрнам. Паступіў на юрыдычны ф-т Пецярбургскага ун-та (скончыў у 1912). Быў прызваны ў армію. Падчас 1-й сусветнай вайны на фронце — прапаршчык, штабс-капітан. Ад вайскоўцаў-беларусаў абраны дэлегатам на 1-ы Усебеларускі кангрэс (снеж. 1917), член яго прэзідыума. Да ліп. 1918 займаў пасаду міністра юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце — першым урадзе БНР. Як нязгодны з яго палітыкай, выйшаў у адстаўку. Пасля дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне. У 1919 арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі, але здолеў уцячы з-пад варты. У 1918—19 член партыі сацыялістаў-федэралістаў, у 1920 член Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, з якой у жн. 1920 выйшаў з-за адмовы лідэраў падпісаць Дэкларацыю пра абвяшчэнне незалежнасці БССР ад 31.7.1920. У 1920—22 служыў у Гомелі ў чыгуначных часцях Чырвонай арміі. 1.10.1920 арыштаваны асобым аддзелам Зах. фронту па падазрэнні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці; вызвалены праз 6 месяцаў. У чэрв. 1924 удзельнічаў у ліквідацыйным з’ездзе БПС-Р. Перайшоў на фінансавую работу — у 1925—30 упаўнаважаны наркамфіна БССР, з 1931 у Белшвейаддзяленні Вышэйнага савета народнай гаспадаркі. Арыштаваны 19.3.1932. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР асуджаны да 5 гадоў папраўча-працоўных работ. Этапаваны ў Свірскі канцлагер НКВД Ленінградскай вобл. У зняволенні 27.12.1936 узяты пад варту. 8.2.1937 Ленінградскім абл. судом асуджаны да 5 гадоў зняволення і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Загінуў у Магаданскім канцлагеры. Па першым прыгаворы рэабілітаваны прэзідыумам Мінскага абл. суда 16.11.1963, па другім — пракуратурай РФ 16.12.1992.
Літ.: ЭГБ, т. 2; БЭ, т. 3.
[По книге: т. III, кн. 1, с. 232–233]
|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.