Главная » Справочники » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III » Том III. Кнiга I » БУСЕЛ Сяргей Нічыпаравіч
[1901, в. Сухоўчыцы Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер Капыльскі р-н Мінскай вобл. — пасля 1939, ГУЛАГ], дзеяч бел. нацыянальнага руху. Пасля Раманаўскага вучылішча (1916) паступіў у Слуцкую земскую (беларускую) гімназію. Быў адным з лідэраў таварыства «Папараць-кветка», актыўна ўдзельнічаў у бел. нацыянальным руху. У 1918 уступіў у партыю бел. эсэраў, уваходзіў у склад яе Слуцкага павятовага камітэта. У час польска-савецкай вайны 1919—20 актыўны ўдзельнік падпольнай барацьбы супраць акупантаў, член Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны. Адзін з арганізатараў Беларускага з’езда Случчыны 14—15.11.1920. У ліст.—снеж. 1920 прымаў актыўны ўдзел у фарміраванні 1-й Слуцкай брыгады войскаў БНР у мяст. Семежава. Пасля яе ліквідацыі ў складзе Беларускай вайсковай камісіі (БВК). Праводзіў эсэраўскую прапаганду сярод сялян Гродзеншчыны і вайскоўцаў бел. батальёна ў Лодзі. Пасля скасавання польскімі ўладамі БВК у 1921 пераехаў у Вільню і выконваў заданні Замежнага бюро БПСР. Каб пазбегнуць арышту, перабраўся ў Коўна, працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў пры ўрадзе Літвы. Па рэкамендацыі старшыні ўраду БНР В.Ластоўскага накіраваны ў Прагу вучыцца ў Вышэйшай тэхнічнай школе. У час вучобы на агранамічным ф-це актыўна ўдзельнічаў у нацыянальным жыцці бел. эміграцыі. З’яўляўся актывістам студэнцкай арганізацыі «Вольная Грамада». У 1929 пасля сканчэння вучобы вярнуўся ў Вільню. Удзельнічаў у рабоце Беларускага нацыянальнага камітэта, супрацоўнічаў з час. «Золак». У кастр. 1939, калі Чырвоная армія ўвайшла ў Зах. Беларусь, разам з бел. дзеячамі В.Багдановічам, А.Луцкевічам, А.Неканда-Трэпкам, У.Самойлам і інш. арыштаваны спецгрупай НКВД БССР і вывезены ў Мінск. У лют. 1940 прыгавораны да 15 гадоў канцлагераў. Далейшы лёс невядомы.
Кр. геагр.: Назвы населеных пунктаў.
Літ.: Антон Луцкевич: Материалы следственного дела НКВД БССР / Подг. к печати, введение и комментарии В.Н.Михнюка, Н.М.Климовича и А.Н.Гесь. Мн., 1997. С. 190; Слуцкі збройны чын 1920 г. ў дакументах і ўспамінах. Мн., 2001. С. 303—304.
|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.