Главная » Справочники » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III » Том III. Кнiга I » БУРАЧЭЎСКІ Павел Паўлавіч
[20.9(2.10).1898, в. Даманава Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл. — 24.11.1937, Мінск, НКВД], дзяржаўны дзеяч БССР, муж Ксеніі Бурачэўскай і бацька Тамары Бурачэўскай. З бел. сялянскай сям’і. Працоўную дзейнасць пачаў у 13 гадоў. Летам пасвіў жывёлу, а зімой працаваў на чыгунцы і лесараспрацоўках. У 1915 апынуўся ў Петраградзе. Працаваў на чыгуначным вакзале, вечарамі на працягу 2,5 гадоў вучыўся на агульнаадукацыйных курсах. У 1916—17 удзельнічаў у забастоўках, дэманстрацыях, ліпеньскіх і кастрычніцкіх падзеях 1917, выконваў даручэнні бальшавіцкай партыі. Са снеж. 1917 справавод у Петраградскім камісарыяце па ліквідацыі судовых органаў, затым у натарыяльным архіве Петраградскага акруговага суда. З ліст. 1918 на Зах. фронце. Пасля адступлення войск кайзераўскай Германіі інструктар-арганізатар па аднаўленні савецкай улады ў Полацкім, Ашмянскім і Вілейскім пав. З мая 1919 у палітаддзеле 16-й арміі. Удзельнічаў у баях супраць палякаў, быў захоплены ў палон. Легіянеры прыгаварылі Б. да расстрэлу, але яму пашчасціла ўцячы. Устанавіў сувязі з агентурным аддзелам Палітупраўлення Зах. фронта. У крас. 1920 у партызанскім атрадзе, які дзейнічаў супраць польскіх захопнікаў, затым на падпольнай рабоце за лініяй фронту, на акупаванай тэрыторыі. З вер. 1920 на партыйнай і савецкай рабоце ў Ігуменскім пав. (цяпер Чэрвеньскі раён), у кааператыўных органах у Пухавічах і Мар’інай Горцы. У сак. 1924 у Полацкім акруговым спажыўсаюзе, затым старшыня Барысаўскага акрспажыўсаюза, у Белкаапсаюзе ў Мінску, у спажывецкай кааперацыі ў Оршы і Магілёве. З 1932 у ЦК КП(б)Б, загадчык сектара (аддзела) рабочага забеспячэння. З 1933 у Дрысе сакратар райкама партыі, з лют. 1935 першы сакратар Дрысенскага РК КП(б)Б. У тым жа годзе пераведзены ў ЦК Кампартыі Беларусі і прызначаны загадчыкам аддзела савецкага гандлю. З лют. 1936 наркам аховы здароўя БССР. Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей. Арыштаваны 26.7.1937. У сувязі з арыштам выключаны з ЦК КП(б) Беларусі і з партыі. 24.11.1937 тройкай НКВД асуджаны «як член права-трацкісцкай тэрарыстычнай арганізацыі, які праводзіў шкодніцкую работу ў наркамаце аховы здароўя БССР» да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны 6.4.1957 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР. Асабовая справа Б. № 10727-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр. геагр.: Назвы населеных пунктаў.
|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.