Главная » Справочники » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III » Том III. Кнiга I » БЕНЕК Казімір Францавіч
[24.1(5.2).1895, в. Радашавічы Вялюньскага пав. Калішскай губ., цяпер Лодзінскае ваяв., Польшча – лют. 1938, НКВД, Мінск], дзяржаўны дзеяч. З 17 гадоў прымаў удзел у рэвалюцыйным руху, у 1914 за распаўсюджанне антыўрадавых лістовак арыштаваны і зняволены ў Модлінскую крэпасць, адкуль здолеў уцячы. Працаваў на заводах Крывога Рога, Екацярынаслава. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у Каменскім (Украіна), дзе ўступіў у РСДРП(б); абраны сакратаром выканкама гарадскога Савета; памочнік (нам.) ваенкама раёна, член гарадской Думы, камісар па польскіх справах. Удзельнічаў у Кастрычніцкім перавароце 1917 ў Маскве, куды прыехаў на канферэнцыю СДКПіЛ. Вясной 1918 ваяваў супраць нямецкіх акупантаў у чырвонагвардзейскім атрадзе. Са снеж. 1918 камісар камандных курсаў Заходняй стралковай дывізіі, нам. начальніка палітаддзела 8-й дывізіі, інструктар палітаддзела 16-й арміі. У 1920—23 сакратар Магілёўскага павятовага камітэта кампартыі, старшыня Магілёўскага павятовага выканкама, загадчык аддзела кіравання Гомельскага губернскага выканкама. Падчас партыйнай чысткі 1921 абвінавачаны ў «пралетарскай ненадзейнасці, нацыяналістычных, сялянскіх ухілах» і ў «шпіянажы». Толькі высокі аўтарытэт Б. сярод сваіх таварышаў дазволіў яму тады пазбегнуць рэпрэсій. З 1923 знаходзіўся ў распараджэнні ЦК РКП(б), затым працаваў сакратаром Барысаўскага павятовага камітэта Кампартыі Беларусі. З 1924 у органах партыйна-дзяржаўнага кантролю: член ЦКК КП(б)Б і яе прэзідыума, член калегіі наркамата рабоча-сялянскай інспекцыі БССР. У 1927—29 наркам працы, у 1929—30 наркам гандлю, у 1933—37 наркам земляробства БССР. У 1930—34 нам. старшыні СНК БССР, у 1930—37 член бюро ЦК КП(б)Б, член ЦВК СССР (з 1931). Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей. Арыштаваны 25.5.1937 у Мінску па адрасе: вул. Ленінская, 2-і Дом Саветаў, кв. 9. У сувязі з арыштам выключаны з партыі. У ходзе следства спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Асуджаны «тройкай» НКВД 21.10.1937 за «шпіянаж на карысць Польшчы» і «правядзенні шкодніцкай работы ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 28.11.1956. Асабовая справа Б. № 7998-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Літ.: ЭГБ, т. 2; Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941 гг.). Мн., 2002. С. 645; Нестерович Н. Потенциально опасен… // Белорусская нива. 1992. 17 марта; Ён жа. Почему они оговорили себя и других // Знамя юности. 1992. 4 сент.; Бусько Н. Дважды обвиненный // Человек и экономика. 1997. № 2. С. 40—41; БЭ, т. 3; Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Мн., 2000; Платонаў Р.П. Беларусь у міжваенны перыяд. Старонкі палітычнай гісторыі ў святле архіўных крыніц. Мн., 2001.
[По книге: т. III, кн. 1, с. 181–183]
|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.