Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"

Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Главная » Справочники  » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III  » Том III. Кнiга I  » ВОСТРЫКАЎ Цiмох (Мiхась) 

ВОСТРЫКАЎ Цiмох (Мiхась)

[н. 28.8.1922, в. Баршчоўка Гомельскага пав. Гомельскай губ., цяпер Добрушскi р-н Гомельскай вобл.], удзельнік антысавецкага руху. У 1940 скончыў двухмесячныя настаўнiцкiя курсы i да пачатку нямецкай акупацыi настаўнiчаў у Маларыцкiм р-не Брэсцкай вобл. У 1941 мабiлiзаваны ў Чырвоную армiю. У першыя месяцы вайны трапiў у нямецкае акружэнне, адпраўлены ў канцлагер для ваеннапалонных. Уцёк з лагера ў Гомель. У 1942 працаваў як «остарбайтэр» у Германіі. В. прыгадваў: «Прыкiнуўся прыпадачным і, атрымаўшы дакумент, што нягодны для працы, вярнуўся ў Гомель. Там мне далi даведку, што я добраахвотна паехаў у Нямеччыну, але як хворы вярнуўся назад». У 1943 перад В. паўстала дылема: альбо вяртацца да савецкага жыцця, альбо шукаць iншай перспектывы. В. iзноў скiраваўся ў Германію, дзе ў 1944 апынуўся ў амерыканскай акупацыйнай зоне. У 1945 змянiў у дакументах iмя Цiмох на Мiхась i назваўся ўраджэнцам Зах. Беларусi з увагi на прымусовую рэпатрыяцыю ўсiх «усходнiкаў» у СССР. З 1946 да 1948 вучыўся ў Мiхельсдорфскай беларускай гiмназii iмя Янкi Купалы. Па прызнаннi В., менавiта дзякуючы навучанню ў гiмназii ён з простага працiўнiка савецкага рэжыму ператварыўся ў свядомага беларуса. Пасля сканчэння гiмназii разам з аднакласнiкамi ўдзельнiчаў у выпуску i распаўсюджваннi час. «Наперад». Напрыканцы 1948 скiраваўся на заробкi ў вугальныя шахты Англii. У 1950 з ім сустрэўся тагачасны прадстаўнiк Рады БНР, звязаны з амерыканскай разведкай, Барыс Рагуля, які прапанаваў навучанне ў Лювенскiм ун-це ў Бельгii. У 1951 В. апынуўся на амерыканскай вайсковай базе Бадверысгофен пад Мюнхенам. Пасля спецпадрыхтоўкi ў складзе чатырохасобавай групы як паўнамоцны прадстаўнiк Рады БНР у ноч з 26 на 27 жн. 1952 дэсантаваўся на тэрыторыю БССР. Арыштаваны органамі МДБ 5.9.1952 праз здраду аднаго з удзельнiкаў высадкi. Да 1955 знаходзiўся ў мінскай следчай турме «Валадарцы». У 1955 асуджаны да 23 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У зняволенні (у лагерах Мардовii) знаходзіўся да 1975. Пасля вызвалення працаваў на розных будоўлях. Выйшаў на пенсiю на пачатку 1980-х г. Паводле сцверджання В., «ён падрабязным чынам занатаваў свае ўспамiны, якiя адносяцца да стасункаў з амерыканскай выведкай i высадкi ў Беларусi». Сёння В. лiчыць, што «яшчэ не прыйшоў час» публiкаваць дэталi гэтай справы. Жыве ў Гомелi.

Кр.: Рапановіч. Слоўнік геаграфічных назваў.

Літ.: Максiмюк Я. Беларуская гiмназiя iмя Янкi Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью Ёрк — Беласток, 1994; Антысавецкія рухі.


 
 

© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.

Создание и дизайн сайта - студия "Каспер".