Главная » Справочники » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III » Том III. Кнiга I » ВІЛЬБУШЭВІЧ Маня
[Марыя Уладзіміраўна (Вульфаўна); 1879, Гродна — ?, Палесціна], удзельніца рабочага і сіянісцкага рухаў. З сям’і купца, які валодаў маёнткам Ласосна (у наваколлі Гродна). Атрымала хатнюю адукацыю (з-за дрэннага здароўя не магла рэгулярна наведваць гімназію). З канца 1890-х г. уваходзіла ў мінскі гурток Бунда на чале з Я.Гурвіч. Арыштавана 7.3.1900 у сувязі з правалам падпольнай друкарні Мінскага камітэта Бунда. Разам з іншымі арыштаванымі бундаўцамі дастаўлена ў Маскву. Падчас допытаў трапіла пад уплыў тэорыі начальніка Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.Зубатава аб магчымасці легальнага рабочага руху, які падтрымліваўся ўрадам. Вызвалена ў жн. 1900, вярнулася ў Гродна, дзе занялася прапагандай зубатаўскіх ідэй. Тым жа часам датуецца пачатак яе зацікаўленасці сіянізмам. З вясны 1901 разгарнула агітацыю зубатаўскіх ідэй у Мінску. Вылучалася арганізацыйнымі здольнасцямі і неўтаймаванай энергіяй – у жн. 1901 пад уплывам яе групы знаходзілася ўжо 6 цэхаў мінскіх рабочых. З-за сваёй празубатаўскай дзейнасці вымушана пакінуць Бунд. У чэрв. 1901 разам з прыхільнікамі заснавала Яўрэйскую незалежную рабочую партыю (ЯНРП), якая апублікавала свой маніфест і праграму. Пад уздзеяннем агітацыі ЯНРП у Мінску амаль бесперапынна адбываліся стачкі, у выніку чаго было значна палепшана матэрыяльнае становішча рабочых горада. В. рэгулярна інфармавала Дэпартамент паліцыі і асабіста Зубатава пра ўсе падрабязнасці руху, назвала імёны некаторых дзеячаў Бунда, якія потым былі арыштаваныя. Дамаглася дазволу на правядзенне ў Мінску ў ліст. 1901 легальнага Усерасійскага з’езду прадстаўнікоў ЯНРП і гурткоў рабочых-сіяністаў («Паалей Цыён»). У маі 1902 міністр унутраных спраў Расіі В.Плеве даручыў ЯНРП пашырыць сваю дзейнасць на Вільню. З вер. 1902 займалася ўтварэннем зубатаўскіх рабочых саюзаў у Адэсе. 1903 стаў годам чарговых радыкальных пераглядаў В. сваіх поглядаў — менавіта тады Плеве загадаў забараніць яўрэйскі рабочы рух, ЯНРП ліквідавалі, а ў Кішынёве адбыліся яўрэйскія пагромы. В. расчаравалася ў зубатаўскай тэорыі «сацыяльнай манархіі» і цалкам захапілася сіянізмам, летам 1903 утупіла ў «Паалей Цыён». З 1904 жыла ў Швейцарыі, потым у ЗША, Палесціне, дзе працавала ў сіянісцкіх сацыялістычных калоніях.
Літ.: Бухбиндер Н.А. Независимая еврейская рабочая партия // Красная летопись. 1922, № 2/3; Заславский Д.О. Зубатов и Маня Вильбушевич. М., 1923; Бич М.О. Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 гг. Мн., 1983; ЭГБ, т. 2.
[По книге: т. III, кн. 1, с. 257–258]
|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.