Главная » Справочники » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III » Том III. Кнiга I » ГЕСЕН Сяргей Міхайлавіч
[1898, ? — 31.10.1937, Мінск, НКВД], партыйны і дзяржаўны дзеяч, рэдактар. Член РСДРП з 1916. У пачатаку 1920-х г. жыў на Урале, потым у Маскве, рэдактар «Рабочей газеты». У 1924—25 сакратар Камуністычнага Інтэрнацыянала моладзі. З 1925 у Мінску, загадчык арганізацыйна-прапагандысцкага аддзела ЦК КП(б)Б. Член ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б. Па даручэнні ЦК КП(б)Б у 1926 удзельнічаў у кампаніі крытыкі і забароны публікацыі кнігі М. Доўнар-Запольскага «Гісторыя Беларусі». Арганізаваў барацьбу супраць «бундаўскіх традыцый» у КП(б)Б. Пазбаўлены пасады ў ліп. 1926. У кастр. 1926 выведзены са складу ЦК. Працаваў рэдактарам у Белдзяржвыдавецтве. Падтрымліваў сувязі з літаб’яднаннем «Маладняк», выступаў на пасяджэннях яго Цэнтральнага бюро. Выязджаў у Ленінград і Маскву, дзе ўдзельнічаў у фракцыйных выступах апазіцыі. Выключаны з ВКП(б) як трацкіст у снеж. 1927 на XV з’ездзе ВКП(б). Адноўлены ў партыі ў 1928. Накіраваны ў РСФСР. Працаваў у дзяржаўных органах, выкладаў ва ун-тах. Да арышту займаў пасаду ўпаўнаважанага Наркамата цяжкай прамысловасці СССР па Зах. вобл. ў Смаленску. Удзельнік трацкісцка-зіноўеўскай апазіцыі. Арыштаваны ў снеж. 1934. У студз. 1935 асуджаны да 6 гадоў папраўча-працоўных работ па справе «Маскоўскага цэнтра». У крас. 1937 узяты пад варту ў канцлагеры і этапаваны ў Мінск. 30.4.1937 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да расстрэлу за «сувязі з беларускімі нацфашыстамі». Рэабілітаваны ў 1958.
Літ.: Платонаў Р.П. Беларусь у міжваенны перыяд. Старонкі палітычнай гісторыі ў святле архіўных крыніц. Мн., 2001; Перед крутым поворотом: Тенденции в политической и духовной жизни Беларуси (1925—1928 гг.). Отражение времени в архивных документах. Мн., 2001.
[По книге: т. III, кн. 1, с. 302–303]
|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.