Главная » Справочники » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III » Том II » СЯДНЁЎ Масей
[Майсей Ларывонавіч; 19.8(1.9).1913, в. Мокрае Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ., цяпер Касцюковіцкі р-н Магілёўскай вобл. — 5.2.2001, Глен Коў, ЗША], паэт, празаік. У 1930—31 вучыўся ў Мсціслаўскім педтэхнікуме. Пачаў публікавацца ў 1933. Друкаваўся ў час. «Полымя», «Беларуская работніца і сялянка», газ. «Савецкая Беларусь», «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена». У 1933 паступіў у МВПІ. На 4-м курсе 21.10.1936 арыштаваны. Высланы на Калыму. У 1941 быў накіраваны ў Мінск для перагляду справы. Пасля пачатку вайны каля Чэрвеня канвой адпусціў зняволеных. Вярнуўся ў родную вёску, працаваў на гаспадарцы. У 1943 пераехаў у Беласток, дзе ўладкаваўся карэктарам у газ. «Новая дарога». Падрыхтаваў да друку зборнік вершаў «Ад сына твайго, Беларусь», які быў набраны ў Кёнігсбергу, але згарэў там у час пажару. Потым выехаў у Берлін. Жыў у амерыканскай і англійскай зонах акупацыі Германіі. Працаваў настаўнікам у бел. гімназіі ў Міхельсдорфе. У 1950 пераехаў у ЗША. Каля 10 гадоў працаваў на металаапрацоўчай фабрыцы. Выкладаў рускую мову ў Індыянскім ун-це. Рэабілітаваны 22.1.1992. Вялікі цыкл вершаў прысвяціў перажытаму ў турмах і лагерах. У першай палове 1990-х г. неаднаразова наведваў Беларусь.
Тв.: Ахвяры бальшавізму: (Зборнік успамінаў і артыкулаў). Беласток, 1944; На краю святла: Паэма. Б.м. [Міхельсдорф], 1947; Спадзяванні: Вершы. Рэгенсбург, б. г. [1947]; У акіяне ночы: (Вершы, паэмы). Мюнхен, 1947; Цень Янкі Купалы: Паэма. Ватэнштэт, 1947; Ля ціхай брамы: Вершы. Нью-Ёрк, 1955; Патушаныя зоры. Нью-Ёрк; Мюнхен, 1975; Раман Корзюк. Нью-Ёрк; Мюнхен, 1985; Ачышчэнне агнём. Нью-Ёрк, 1985; І той дзень надышоў: Раман з часоў другой сусветнай вайны. Нью-Ёрк, 1987; Патушаныя зоры. Мн., 1992; Масеева кніга. Мн., 1994.
Лiт.: Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі… Мн., 1990; Савік Л. «Мне песня дадзена для мукі...» // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993; Савік Л. Я прыду з далёкае чужыны // Савік Л. Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа. Мн., 2001; Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. Мн., 2002.
[По книге: т. II, с. 256–257]
|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.