Главная » Справочники » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III » Том II » МІСКО Якуб Герасімавіч
[псеўданім: Асот; 1.6.1911, в. Чамяры Слонімскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 23.10.1981, Мінск], празаік, публіцыст, журналіст, паэт, перакладчык, крытык. У 1925—28 вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, адкуль выключаны за ўдзел у рэвалюцыйным руху. Друкавацца пачаў у 1926 (у падпольным часопісе вучняў гімназіі «Наперад»). Публікаваўся ў польскіх газетах. У 1932—34 працаваў у галоўным сакратарыяце арганізацыі «Змаганне»; у 1933—34 у рэдакцыі віленскай «Беларускай газеты» (легальнае выданне КПЗБ). На працягу 1930-х г. неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, некалькі гадоў правёў у турмах. У ліст. 1939 разам з братам арыштаваны НКВД. Вызвалены пасля ўмяшання П.Панамарэнкі. У 1940—41 літсупрацоўнік лідскай раённай газ. «Уперад». Падчас Вялікай Айчыннай вайны на фронце; дэмабілізаваўся ў званні маёра. У 1948—49 вучыўся ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. У 1947—76 працаваў у «Сельской газете»; у 1976—81 у час. «Коммунист Белоруссии». Член Саюза журналістаў Беларусі з 1958. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1967). Аўтар успамінаў пра вызваленчую барацьбу ў Зах. Беларусі; пісаў водгукі і рэцэнзіі на кнігі М.Танка, Я.Брыля, А.Адамовіча, М.Машары, В.Казько і інш. Перакладаў з польскай, украінскай, рускай моў. Пахаваны на Паўн. могілках Мінска.
Тв.: Маё маўклівае сэрца: З літаратурнай спадчыны. Мн., 1983; Было яно калісьці: Дакументальная аповесць // Маладосць. 1980, № 9.
Літ.: Башлакоў М. Рэха ўдзячнай памяці: Старонкі ўспамінаў // Беларусь. 1984, № 4; Цітовіч Г. Паклон даўняму сябру // ЛіМ. 1981, 12 чэрв.; БП, т. 4; ЭГБ, т. 5.
|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.