Главная » Справочники » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III » Том I » ІГНАТОЎСКІ Усевалад Макаравіч
[19.4.1881, в. Такары Брэсцкага пав. Гродзенскай губ., цяпер Камянецкі р-н Брэсцкай вобл. — 4.2.1931, Мінск], гісторык, грамадскі і паліт. дзеяч. У 1911 скончыў Юр’еўскі (Тартускі) ун-т. У 1912—14 працаваў выкладчыкам у Вільні ў прыватнай жаночай гімназіі; у 1914—19 у Мінскім настаўніцкім інстытуце. У 1915 стварыў культурна-асветніцкую арганізацыю «Наш край», якая ў 1917 ператварылася ў леваэсэраўскую арганізацыю «Маладая Беларусь». З чэрв. 1917 член ЦК БСГ, у 1918 член ЦК БПС-Р. У перыяд польскай акупацыі ў студз. 1920 на базе «Маладой Беларусі» стварыў Беларускую камуністычную арганізацыю. 31.7.1920 удзельнічаў у падпісанні «Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь». З 30.7.1920 член РКП(б). У 1920-я г. займаў шэраг адказных пасад у партыйных і дзяржаўных органах; актыўна ўдзельнічаў у рэалізацыі палітыкі беларусізацыі. У 1921—30 прафесар БДУ. У 1926—28 старшыня (з 1927 прэзідэнт) Інбелкульта; у снеж. 1928 — студз. 1931 прэзідэнт БелАН, дырэктар Інстытута гісторыі. З 1928 акадэмік БелАН. Працы І. склалі падмурак канцэпцыі гісторыі Беларусі, у аснову якой пакладзена перыядызацыя паводле прынцыпу дзяржаўнасці і грамадскага стану бел. зямель. Падчас кампаніі супраць нацыянал-дэмакратызму 26.12.1930 зняты з пасады прэзідэнта БелАН. 16.1.1931 ЦК КП(б)Б выключыла І. з партыі як «лідэра нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі». Выклікаўся на допыты ў ДПУ. Пасля аднаго з іх скончыў жыццё самагубствам. Паводле другой версіі быў застрэлены супрацоўнікамі ДПУ ў сваім доме. Рэпрэсіі былі абрынуты і на сям’ю І. — жонку і двух сыноў.
Тв.: Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Мн., 1919 (5 выд. 1991); Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Мн., 1921; Гісторыя Беларусі ў ХІХ і ў пачатку ХХ сталецця. Мн., 1923 (3 выд. 1928); 1863 год на Беларусі. Мн., 1930.
Літ.: Друшчыц В. Агляд навукова-літаратурнай дзейнасці У.М.Ігнатоўскага // Полымя. 1925, № 2; Ігнаценка І., Кароль А. Усевалад Ігнатоўскі і яго час. Мн., 1991; У.М.Ігнатоўскі: Старонкі жыцця і навуковай дзейнасці. Мн., 1991; Акадэмік У.М.Ігнатоўскі: Матэрыялы навуковых чытанняў, прысвечаных 110-годдзю з дня нараджэння. Мн., 1993; ЭГБ, т. 3.
|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.