Главная » Справочники » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III » Том I » ГРАМЫКА Міхайла
[Міхаіл Аляксандравіч; псеўданімы і крыптанімы: М.Абданк; Мих. Абданк; Михаил Абданк; М.Г.; Міх. Г.; 31.10(12.11).1885, в. Чорнае Рэчыцкага пав. Мінскай губ., цяпер Рэчыцкі р-н Гомельскай вобл. — 30.6.1969, Хімкі Маскоўскай вобл.], празаік, паэт, геолаг, педагог. У час вучобы ў Магілёўскай гімназіі стаў членам рэвалюцыйнага гуртка. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1907. У 1911 скончыў Маскоўскі ун-т. Настаўнічаў у Адэсе, з 1917 удзельнічаў у рабоце культурна-асветніцкай арганізацыі бел. уцекачоў «Беларускі гай». З 1921 у Мінску; выкладаў геалогію і мінералогію ў Белпедтэхнікуме і БДУ; працаваў у Інбелкульце, БелАН. Распрацоўваў бел. навуковую тэрміналогію. Аўтар падручнікаў па геаграфіі і мінералогіі. Браў удзел у пошуках нафты на Палессі. П’есы Г. ставіліся ў тэатрах. Арыштаваны ДПУ БССР 13.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі»; паводле пастановы Калегіі ДПУ БССР ад 10.4.1931 высланы ў Іванава-Вязнясенск на 5 гадоў. Пасля сканчэння тэрміна высылкі ў 1936 выехаў з сям’ёй у Мурманскую вобл. (Кіраўск); працаваў у горным тэхнікуме. Потым жыў у Пермскай вобл. і Удмурціі. Рэабілітаваны 15.11.1957. Апошнія гады жыў у Хімках. Член СП Беларусі з 1965.
Тв.: Выбр. Мн., 1967; Родная пушча: П’есы, вершы, паэмы, успаміны, лісты. Мн., 1987; Пачатковая геаграфія. Мн., 1923 (2 выд. Мн., 1925; 3 выд. Мн., 1927; 4 выд. Мн., 1928); Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе: Ч. 1. Крышталаграфія; Ч. 2. Мінералогія. Мн., 1926; Дзве паэмы. Мн., 1927; Плынь: Лірычныя паэмы і вершы. Мн., 1927; Каля тэрасы: Драмы. Мн., 1929 (2 выд. Мн., 1975).
Літ.: Казека Я. Міхайла Грамыка // Казека Я. Голас часу. Мн., 1975; Шушкевіч С. След на зямлі // Полымя. 1965, № 11; БП, т. 2; ЭГБ, т. 3.
|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.