Главная » Справочники » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III » Том I » ГІНТАЎТ Франц Віктаравіч
[Гінтаўт-Дзевалтоўскі; псеўданім: Алесь Шчодры; 9.3.1910, в. Баршчэўнік Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — 20.7.2002, Гродна], пісьменнік, біёлаг. У 1923—27 вучыўся ў 13-й доследна-паказальнай сямігадовай школе пры педфаку БДУ. У канцы 1920-х г. паступіў у Мінскі Белпедтэхнікум, які скончыў у 1931. Займацца літаратурнай творчасцю пачаў у тэхнікуме. Яго карэспандэнцыі і апавяданні друкаваліся ў газ. «Беларуская вёска» і «Піянер Беларусі», час. «Чырвоны сейбіт». У 1931 паступіў на філалагічны ф-т БДУ, пасля мусіў перавесціся на біялагічны ф-т, бо на філфаку «органы» пачалі вышукваць нацдэмаў. Арыштаваны 23.2.1933 па справе «Беларускай народнай Грамады»; утрымліваўся ў мінскай турме «амерыканка». Высланы на 3 гады на Далёкі Усход. Працаваў на будаўніцтве непадалёку ад Нікольска-Усурыйска, пасля на Сяданскай плаціне каля Уладзівастока. У 1935 пераехаў у Саратаў, аднавіў навучанне ў Саратаўскім ун-це імя Чарнышэўскага. Удзельнічаў у навуковых экспедыцыях у стэпах Дона і Волгі. У 1940 пасля сканчэння ун-та быў пакінуты асістэнтам на кафедры заалогіі пазваночных. У лют. 1941 па конкурсе абраны загадчыкам навуковага аддзела Беларускага дзяржаўнага запаведніка (сядзіба ў Бягомлі). У пачатку вайны не паспеў эвакуіравацца; падчас нямецкай акупацыі знаходзіўся ў Беларусі. З 1944 жыў у Вільні, працаваў перакладчыкам з польскай мовы і загадчыкам вучэбнай часткі ў 6-й жаночай гімназіі. У 1945 паводле жадання жонкі перабраўся на яе Радзіму ў Куйбышаў. Працаваў інжынерам-рыбаводам і назіральнікам-гідрабіёлагам, асістэнтам у медыцынскім інстытуце і нам. дырэктара ў сярэдняй школе. У 1955 вярнуўся ў Беларусь, жыў у Мінску. Потым па накіраванні Міністэрства асветы БССР пераехаў у Гродна. Працаваў нам. дырэктара СШ № 12; з восені 1958 асістэнт кафедры біялогіі ў Гродзенскім медыцынскім інстытуце; з 1965 у педагагічным інстытуце — старшы выкладчык і дацэнт кафедры заалогіі і анатоміі. З 1975 на пенсіі. У 1980—90-х г. артыкулы і нарысы Г. публікаваліся ў час. «Полымя», «Маладосць», «Свіцязь», газ. «Літаратура і мастацтва», «Народнай газеце».
Тв.: З картатэкі памяці. Гродна, 2000; Жменька думак, згадак пра Янку Купалу // Полымя. 1984, № 5.
Літ.: Лабовіч А. «Моладзевых ветразяў узвівы...» // Пагоня. 1998, 11 жн.; Выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Біябібліяграфічны даведнік. Гродна, 1999.
|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.