Главная » Справочники » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III » Том I » БАЙКОЎ Мікола
[Мікалай Якубавіч; псеўданімы і крыптанімы: Аглядальнік; Асветнік; Дашкольнік; М.К-ч; М.Кр.; Кр-іч; Крывіч; Мікола Крывіч; Настаўнік; 10(22).2.1889, Бежацк Цвярской губ. — пасля 1946 ?], мовазнавец і літаратуразнавец, педагог. Нарадзіўся ў сям’і святара. Пачатковую адукацыю атрымаў у Бежацкім мужчынскім духоўным вучылішчы, сярэднюю — у Цвярской духоўнай семінарыі, вышэйшую — у Маскоўскай духоўнай акадэміі (скончыў у 1913). Накіраваны выкладчыкам філасофскіх і педагагічных дысцыплін у Мінскую духоўную семінарыю. Адначасова выкладаў у гарадской гімназіі і ў прыватных навучальных установах. З 1918 чытаў лекцыі ў Мінскім настаўніцкім інстытуце. З 1921 выкладчык МБПТ. Рэдактар час. «Школа и культура Советской Белоруссии» (1919, 1921), з 1924 супрацоўнік час. «Асвета». З 1921 вучоны сакратар Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР, у 1922—28 Слоўнікавай камісіі Інбелкульта, потым Інстытута мовазнаўства АН БССР. Атрымаў вядомасць як аўтар прац па літаратуразнаўстве, крытыцы і педагогіцы, але асабліва як укладальнік слоўнікаў: «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Гарэцкім), «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925), «Расійска-беларускі слоўнік» (1928, абодва разам з С.Некрашэвічам), «Практычны беларускі вайсковы слоўнік» (1927, разам з А.Бараноўскім). Арыштаваны ДПУ БССР 19.7.1930 па абвінавачанні ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». Вызвалены 2.9.1930. На акадэмічную працу вярнуцца яму не дазволілі. У 1931—41 літсупрацоўнік Мінскага рэкламнага бюро, стыліст у газ. «Чырвоная змена». Падчас вайны знаходзіўся ў Мінску, супрацоўнічаў з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. У 1944 выехаў у Германію. Працаваў у прапагандысцкім бюро «Вінэта». Па некаторых звестках, арыштаваны савецкай ваеннай контрразведкай «Смерш» у Берліне і перавезены ў Мінск. Далейшы лёс невядомы.
Тв.: На літаратурныя тэмы: Зб. артыкулаў. Мн., 1929 (пад псеўданімам М. Крывіч).
Лiт.: Булахов М. Восточнославянские языковеды. Т. 2. Мн., 1977. С. 42—43; Германовіч І. Беларускія мовазнаўцы. Мн., 1985; Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20—30-я гады. Мн., 1975. С. 21—28, 54; Саламевіч. Слоўнік псеўданімаў, с. 168; БП, т. 1; ЭГБ, т. 1.
|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.