Главная » Справочники » Репрессированные литераторы, ученые, работники образования, общественные и культурные деятели Беларуси, 1794-1991. Т. I-III » Том I » АЛЬШЭЎСКІ Анатоль
[партыйны і публіцыстычны псеўданім і крыптанім: Юрка Пружанскі, Ю.Пружанскі, Ю.П.; 21.6(4.7).1904, мяст. Бяроза-Картузская Пружанскага пав. Гродзенскай губ., цяпер г. Бяроза Брэсцкай вобл. — 1937, Мінск], публіцыст, дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Даволі рана далучыўся да левага руху, у 1919 у 15-гадовым узросце ўступіў у Чырвоную Армію, ваяваў на Палессі; тады ж стаў членам РКП(б). У 1920 быў накіраваны на вучобу ў Камуністычны ун-т імя Свярдлова ў Маскве. У 1925, як ураджэнец Зах. Беларусі, накіраваны туды на падпольную работу. Быў сакратаром ЦК КСМЗБ, членам ЦК КСМ Польшчы. У 1926 і 1928 выбіраўся членам ЦК КПЗБ. Актыўна займаўся публіцыстыкай і рэдактарскай справай — рэдагаваў цэнтральныя органы ЦК КПЗБ «Бальшавік» і «Чырвоны сцяг». Друкаваўся ананімна і пад псеўданімамі ў падпольных выданнях. Асноўная тэма яго публіцыстыкі — вострая крытыка палітыкі польскага ўраду ў Зах. Беларусі. Гэтая дзейнасць не магла быць незаўважана: у 1927 арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў Варшаве. У 1928 па абмене паліт. вязнямі трапіў у СССР. У 1932 зноў закінуты ў заходнебел. камуністычнае падполле, але ў ліп. таго ж года вернуты ў Мінск. Працаваў у рэдакцыі Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. З 1933 на прафсаюзнай рабоце. У час найбольшага ўздыму масавых рэпрэсій у 1937 арыштаваны; загінуў у засценках НКВД. Рэабілітаваны пасмяротна. Імя Альшэўскага нададзена вуліцам у Бярозе і Пружанах. У Бярозе захаваўся дом, дзе ён жыў; там устаноўлена мемарыяльная шыльда.
Літ.: Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983; Калеснік Ул. Пасланец Праметэя: Дакум. аповесць. Мн., 1984; Саламевіч. Слоўнік псеўданімаў; ЭГБ, т. 1.
|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.