Справочники писателя, историка, энциклопедиста Леонида Морякова "Репрессированные общественные и культурные деятели Беларуси"
Справочник, посвященный фактам биографии людей, казненных в период сталинских репрессий, и их палачей.
Толькі адна ноч (Прадмова)(.pdf, 706 Кб) Біяграфіі расстраляных 29-30 кастрычніка 1937 года (.pdf, 6,82 Мб)Расстраляныя ў Мінскай унутранай турме НКВД у перыяд Крывавага тунэля смерці:
Па даце (.pdf, 1,7 Мб) Па алфавіце (.doc, 1,28 Мб) Яны вынішчалі нашых продкаў (.pdf, 1,38 Мб) Спіс скарачэнняў (.pdf, 49,4 Кб)Главная » Справочники » Жертвы и палачи » Ахвяры. 29-30.10.1937 г. » ХАРЫК Ізі
[Ісак Давыдавіч; 6.3.1896, па іншых крыніцах 17.3.1898, мяст. Зембін Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер Барысаўскі р-н Мінскай вобл. — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт. У 1919 добраахвотна ўступіў у Чырвоную армію, удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Расіі. У 1916–23 — член арганізацыі «Паалей-Цыён». У другой палове 1920-х г. уступіў у ВКП(б). Літаратурную дзейнасць пачаў у 1920 публікацыямі ў яўрэйскіх газетах. У 1921–23 вучыўся ў Вышэйшым літаратурным інстытуце імя В. Брусава ў Маскве. У 1922 у Мінску выйшла першая кніжка вершаў «Трапятанне». З 1925 друкаваўся ў яўрэйскiм час. «Штэрн». У 1927 скончыў яўрэйскае аддзяленне педагагічнага ф-та 2-га Маскоўскага дзяржаўнага ун-та. З 1928 сталі з’яўляцца пераклады вершаў Х. на бел. мову. Пераехаў у Мінск, працаваў рэдактарам час. «Штэрн». У 1931 абраны членам ЦВК БССР. Член СП Беларусі з 1934. Член прэзідыумаў СП БССР і СССР. Да 1936 у Мінску, Маскве і Кіеве выйшла 13 яго кніг на яўрэйскай мове. З пачатку 1930-х г. выступаў з артыкуламі і нарысамі таксама ў беларускамоўных выданнях. Х. перакладаў на яўрэйскую мову творы Я. Коласа, М. Чарота. Член-карэспандэнт БелАН з 1936. Адзін з аўтараў «Пісьма беларускага народа вялікаму Сталіну» (1936). Вершы «Над Бярозай» і «Хлеб» былі пакладзены на музыку С. Палонскім.
З успамінаў перакладчыка Юркі Гаўрука (таксама рэпрэсаванага): «Я ніколі не забуду той атмасферы давер’я, зацікаўленасці, любові і пашаны, якая адразу ж устанавілася паміж паэтам і яго слухачамі. Ізі Харык чытаў многа, з вялікім уздымам. Яго гучны, выразны голас з пявучай інтанацыяй, запал, аптымізм і публіцыстычная вастрыня вершаў літаральна зачаравалі вучняў (Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. — Л. М.). Твары іх гарэлі, вочы блішчалі. Яны гатовы былі слухаць яго бясконца… Фізічна моцны, з энергічнымі рысамі твару і пышнай чорнай чупрынай, ён быў увасабленнем жыццярадаснасці…»1
Арыштаваны ў Мінску ў Доме спецыялістаў. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член трацкісцка-зіноўеўскай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 13.6.1956. Асабовая справа Х. № 6870-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 148, кв. 52 арыштавана хатняя гаспадыня, маці дваіх сыноў (Юлія і Давыда) Харык Дзіна (Матліна) Звулаўна (н. ў 1911 у Бабруйску), жонка Ізі Харыка. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД СССР асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Вызвалена ў 1946. Вярнулася на радзіму. Працавала выхавацелькай у дзіцячым садзе, загадвала бібліятэкай Мінскага аб’яднання габрэйскай культуры імя Ізі Харыка. Дзіне Харык не раз прапаноўвалі з’ехаць за мяжу, у Ізраіль, ЗША, але яна адмаўлялася. Усё чакала сваіх сыноў. Рэабілітавана 14.8.1956. Памерла 11.3.2003. Асабовая справа Х. № 6846-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Тв.: Адданасць: [Выбр. тв]. М., 1970. Яўр.; Пераклады: Выбр. тв. Мн., 1958; Выбранае. Мн., 1969.
Кр.: Лынькоў М. Таленавіты паэт // Маладосць. 1958. № 6; Броўка П. Пра паэта і таварыша // ЛіМ. 1973. 23 сак.; Хведаровіч М. Сугучнасць часу // Беларусь. 1976. № 3; БП. Т. 6; Наша Ніва. 2003. 18 крас.; Рэпрэсаваныя...
|
|
© Леонид Моряков, 1997-2016.
Использование материалов сайта для публикаций без разрешения наследников автора запрещено.