Reference books of the writer, historian and scientist Leanid Marakou "Repressed public and cultural figures of Belarus"

Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.

Том I
Том II
Том II. Дадатак
Скароты

Імянны паказальнік (.doc, 462 Kб)

Index » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.  » Том II  » УЛАДЗІМІР ЗУБКОВІЧ 

УЛАДЗІМІР ЗУБКОВІЧ

[1863, мяст. Смалявічы Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер райцэнтр Мінскай вобл. — 31.1.1938, Мінск, турма НКВД], свяшчэннамучанік. Протаіерэй. Беларус. Сын Гаўрыіла Зубковіча* . У ліку лепшых скончыў Мінскую духоўную семінарыю. Служыў псаломшчыкам у Спаса-Праабражэнскай царкве в. Старыца Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Капыльскі р-н Мінскай вобл. 8.1.1888 пераведзены ў Спаса-Праабражэнскі храм мяст. Заслаўе Мінскага пав., цяпер Мінскі р-н. Рукапаложаны ў іерэя (17.6.1888). З 1889 другі святар Мікалаеўскага храма ў родным мястэчку, дзе да 1896 настаяцелем быў яго бацька. У 1900 служыў ва Уваскрасенскай царкве пры Мінскім жаночым вучылішчы, адначасова законанастаўнік вучылішча, член праўлення Мінскай духоўнай семінарыі. З 1901 настаяцель Мікалаеўскага храма ў родным мястэчку. З 1904 2-ім святаром храма быў Уладзімір Зенюк** . З 1907 памочнік інспектара Мінскай духоўнай семінарыі, у  якой праслужыў да 1916. Узнагароджаны набедранікам, скуф’ёй (да 1903), ордэнам св. Анны 3-й ступені (1914). Пасля Кастрычніцкага перавароту вярнуўся ў Смалявічы. Зноў з У.Зенюком служыў у Мікалаеўскім храме. У канцы 1920-х — пачатку 1930-х г. настаяцель прыхода. 2-ім святаром стаў Дзімітрый Плышэўскі. У.З. неаднаразова выклікаўся ў НКВД, дзе ад яго патрабавалі адмовіцца ад сану. У 1935 храм у  Смалявічах быў закрыты, але святар працягваў тайна здзяйсняць трэбы. Арыштаваны раённым аддзелам НКВД 29.12.1937. Абвінавачаны ў прыналежнасці да «шпіёнскай контррэвалюцыйнай паўстанцкай арганізацыі», якую, быццам, узначальваў епіскап Бабруйскі Філарэт (Раменскі). У час допытаў вінаватым сябе не прызнаў. Асуджаны 31.12.1937 са святаром Аляксандрам Нікалаевічам тройкай НКВД за «антысавецкую агітацыю» дa ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны пракуратурай БССР 19.4.1989. У 1999 Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы кананізаваны і далучаны да ліку святых новапакутнікаў. Асабовая справа У.З. № 29503-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Кр.: Памятная книжка Минской губернии; Памятная книжка Минской епархии; Личный состав епархиального управления; Житія и Жизнеописанія новопрославленныхъ святых и Подвижниковъ Благочестія, въ Русской Православной Церкви просіявшихъ (отъ царствованія царя-мученика Николая II Александровіча і до нашихъ дней). СПб., 2001. Т. 2 (августъ-декабрь); Жития священномучеников Минской епархии.


* Скончыў Жыровіцкую духоўную семінарыю, рукапаложаны ў?іерэя (1848). З 1853 настаяцель Мікалаеўскай царквы ў мяст. Смалявічы.
** Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1894). Рукапаложаны ў іерэя (1896). Служыў ва Успенскай царкве в. Ухвала Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер Крупскі р-н Мінскай вобл. З?1911 настаяцель Мікалаеўскага храма. Узнагароджаны нагрудным крыжам (1917).


 
 

© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.

Web-Development - "Kasper-Studio"