Index » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. » Том II » ТЭРАЎСКІ (ТЕРРАВСКИЙ) Уладзімір
[11(23). 11.1871, мяст. Раманава Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер в. Леніна Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 10.11.1938, Мінск, турма НКВД], дырыжор, кампазітар, фалькларыст, царкоўнаслужыцель. Беларус. Малодшы сын Васілія Тэраўскага* . Скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча (1889). У 1892—95 служыў у войску. З 1895 дзяржаўны кантралёр Лібава-Роменскай чыгункі. З 1897 працаваў на Уральскіх заводах графа Строганава, служыў рэгентам, настаўнікам у Пермскай губ. З 1900 супрацоўнік Мінскага аддзялення дзяржаўнага банка. З 1901 канцылярскі чыноўнік 2-га разраду Мінскай кантрольнай палаты, адначасова настаўнік спеваў і гімнастыкі Губернскага папячыцельства дзіцячых прытулкаў. У 1904 епіскапам Міхаілам (Цемнарусавым) прызначаны псаломшчыкам Мінскага Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора. Адначасова памочнік рэгента Мінскага архіерэйскага хора. Потым псаломшчык царквы св. Марыі Магдаліны на вул. Старажоўскай, настаўнік спеваў 3-га Мінскага прыходскага вучылішча. У 1914 стварыў Мінскі беларускі хор, які ў 1917 увайшоў у склад Першага Беларускага таварыства драмы і камедыі. У 1918—19 кіраваў харавой капэлай у Беларускім савецкім тэатры; уваходзіў у склад Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва. Улетку 1920 арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі ў Асіповічах. Пасля ўтварэння Беларускага дзяржаўнага тэатра ў Мінску (БДТ-1) яго галоўны хормайстар. Арыштаваны 3.9.1921 з жонкай Надзеяй Прохараўнай (н. 19.9.1878 у Мінску). Праходзіў па адной справе з артыстамі Усеваладам Фальскім, Уладзімірам Кубарам, яго жонкай Надзеяй Кубар (н. ў 1880), загадчыкам дэзінфекцыйнага аддзела наркамата аховы здароўя Сямёнам Валачковічам (1878), старшым механікам Мінскага тэлеграфа Герасімам Раманчыкам (1886), тэлеграфістамі Міхаілам Бакуном (25.10.1895) і Ганнай Бруевіч (1896), медсястрой Мінскага шпіталя Сінкліцікіяй Малчанавай (1895). Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 23.9.1921 У.Кубар і Г.Бруевіч асуджаны да ВМП і 19.10.1921 расстраляны. М.Бакун, С.Валачковіч, Н.Кубар, С.Малчанава, Г.Раманчык прыгавораны да 2 гадоў ППК. Т. і У.Фальскі да ВМП (заменена на 5 гадоў ППК) і этапаваны ў Смаленскі папраўчы дом. Жонку Т. асудзілі да года зняволення ў Мінскім працоўным лагеры. Пасля вызваленя 24.5.1923 кіраваў харавымі калектывамі БДУ, МБПТ, саюза паштавікоў-тэлеграфістаў. Стварыў музыку да спектакляў БДТ-1: «Бязвінная кроў» У.Галубка (1918), «Каваль-ваявода» Е.Міровіча (1925) і інш. Найбольш вядомай стала музыка да спектакля «На Купалле» М.Чарота (1921). Напісаў песні і рамансы на словы Я.Купалы, Я.Коласа, З. Бядулі, М.Чарота і інш. Запісваў і гарманізаваў народныя песні, частка якіх апублікавана ў зборніках «Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый» (1921), «Беларускі лірнік» (1922), «Вайсковы зборнік» (1926). Браў удзел у рабоце музычнай секцыі Інбелкульта. Пасля 1930 звольнены з работы, абвінавачаны ў нацыянал-дэмакратызме. Служыў псаломшчыкам у царкве св. Марыі Магдаліны. Зноў арыштаваны 17.8.1938 у Мінску па адрасе: вул. Старажоўская, д. 74, кв. 4. Прыгавораны 1.11.1938 тройкай НКВД як «агент польскай разведкі» да ВМП. Расстраляны. Па першай справе (групавая, № 20479-с; захоўваецца з фотаздымкамі ў архіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны пракуратурай БВА 6.8.1996, па другой (№ 10927-с; захоўваецца тамсама) трыбуналам БВА 1.10.1957.
Кр.: НГАБ, ф. 136, в. 1, с. 41145; Памятная книжка Минской губернии; Травень М. Уладзімір Тэраўскі — ахвяра бальшавізму // Бацькаўшчына. 1956. № 30; Гесь А., Ляхоўскі У. «Калі песня жыве беларуса, будзе жыць беларускі народ!»: Жыццё і творчы шлях Уладзіміра Тэраўскага // Мастацтва. 1966, № 12; ЭГБ, т. 6—1.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.