Index » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. » Том II » ТАЎРЫЁН (БАТОЗСКІ)
[Ціхан Данілавіч; 28.7.1898, Краснакуцк Харкаўскай губ., цяпер Украіна — 13.9.1978], архімандрыт. З сям’і казначэя гарадской управы. Быў дзясятым, апошнім дзіцём у сям’і. У 15 гадоў паслушнік Глінскай Раства-Багародзіцкай пустыні ў Курскай губ. У 1921 прыехаў у Маскву, пасяліўся ў Новаспаскім манастыры, дзе працягваў займацца іконапісаннем. Прыняў манашаскі пострыг ад епіскапа Паўліна (Крошачкіна). У 1923 па благаславенні свяціцеля Ціхана рукапаложаны епіскапам Паўлінам у іерадыякана. Ім жа ў 1925 у храме пры Маскоўскім Новаспаскім манастыры пасвячоны ў іераманаха. У 1925, калі Новаспаскі манастыр закрылі, пераехаў да епіскапа Паўліна ў Курск. З 1926 — настаяцель Свята-Троіцкага Маркава мужчынскага манастыра ў Віцебску. У 1927 пасвячоны ў сан архімандрыта, прызначаны настаяцелем храма прападобнага Феадосія ў Пермі. У 1930—31 служыў у Калузе катакомбна — у дамах веруючых. Арыштаваны ў 1931. Асуджаны да 5 гадоў ППК. Этапаваны ў Беламорска-Балтыйскі канцлагер АДПУ Карэльскай АССР, потым — у Салікамскі канцлагер АДПУ Комі-Пярмяцкай аўтаномнай акругі і Інцімскі (Мінеральны) канцлагер Комі АССР. Пасля вызвалення (1935) жыў у Калузе, Курску, працаваў мастаком, выкладаў у мастацкай школе. 27.12.1940 зноў арыштаваны і прыгавораны да 15 гадоў ППК. Этапаваны (1941) у Турынскі канцлагер НКВД-МДБ Свярдлоўскай вобл. У 1953 высланы ў Кустанайскі край Казахскай ССР. Пасля вызвалення (25.5.1956) служыў у Пермскім кафедральным саборы, ва Успенскай Пачаеўскай Лаўры, нам. Глінскай Раства-Багародзіцкай пустыні, настаяцелем Уфімскага Пакроўскага храма, сакратаром епархіяльнага ўпраўлення. Ва Уфу прыехаў па запрашэнні епіскапа Нікана (Лысенкі). Адразу ж стаў няўгодны мясцовым уладам, бо «аказваў адмоўны ўплыў на епіскапа, супрацьдзейнічаў закрыццю цэркваў», і быў высланы з Уфы. З 1961 настаяцель царквы ў с. Някрасава Яраслаўскай вобл. У 1962 патрыярх Аляксій I намерваўся рукапалажыць Т. ў епіскапа Курскага, але Савет па справах рэлігій не дазволіў гэтаму адбыцца. З 1964 настаяцель храма с. Некоўз Яраслаўскай вобл. З 7.3.1969 духаўнік Рыжскага Троіца-Сергіева манастыра, настаяцель Спаса-Праабражэнскай пустыні. Узнагароджаны Патрыяршым крыжам і ордэнам св. Уладзіміра II ступені. Пахаваны ў Спаса-Праабражэнскай пустыні, каля Праабражэнскага сабора.
Кр.: Афіцыйны сайт Віцебскай епархіі.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.