Index » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. » Том II » СЦЯПУРА (СТЕПУРО) Васілій Львовіч
[1872 ці 30.1.1874, в. Вялікія Лукі Навагрудскага пав. Мінскай. губ., цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. — ?], протаіерэй. З сям’і псаломшчыка, брат Іаана Сцяпуры. Беларус. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1895?). Служыў псаломшчыкам ва Уваскрасенскай царкве в. Вялікая Слабада Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. Рукапаложаны ў іерэя (1901) Касма-Даміянаўскага храма в.Тонава Слабада (тагачасны паштовы адрас: Койданава) Мінскага пав. З 1908 настаяцель Свята-Троіцкай царквы в. Туркі (тагачасны паштовы адрас: ст.Цялуша) Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. У 1920-я г. настаяцель Раства-Багародзіцкага храма в. Новыя Дарогі, цяпер Старадарожскі р-н Мінскай вобл. Арыштаваны 30.12.1928. Асуджаны 29.3.1929 асобай нарадай пры АДПУ за «антысавецкую агітацыю» дa 3 гадоў высылкі на Урал. Пасля вызвалення жыў у Слуцку Мінскай вобл. Зноў арыштаваны 14.3.1933. Прыгавораны 9.6.1933 з 20 інш. святарамі асобай нарадай пры АДПУ за «антысавецкую агітацыю» і як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» дa 3 гадоў пазбаўлення волі. 20.10.1937 тройкай НКВД асуджаны да 10 гадоў ППК. Этапаваны ў Карагандзінскі канцлагер МДБ Казахскай ССР. Далейшы лёс невядомы. Па першай справе (№ 31972-с; захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны 28.2.1992, па другой (групавой, № 27605-с; захоўваецца тамсама) 17.7.1989.
Кр.: Памятная книжка Минской губернии; Личный состав епархиального управления; НГАБ, ф. 2786, в. 1, с. 67; Правящие архиереи Минской епархии.
[From the book: vol. II, pp. 327–328]
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.