Index » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. » Том II » СЕРГІЙ РАДАКОЎСКІ
[1882, мяст. Жыткавічы Мазырскага пав. Мінскай губ., цяпер райцэнтр Гомельскай вобл. — пасля 21.3.1933, Мінск, турма АДПУ], свяшчэннамучанік. Протаіерэй. Сын Пятра Радакоўскага*, сваяк блажэннай Валянціны Мінскай. У ліку лепшых скончыў Мінскую духоўную семінарыю, рукапаложаны ў іерэя (1904). З 1905 служыў у Пакроўскай царкве Паручына-Ясенецкага прыхода Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. З 1908 настаяцель Успенскага храма в. Лаўрышава Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл. З пачаткам 1-й сусветнай вайны выехаў у Пераслаўль-Залескі (цяпер Яраслаўская вобл., Расія), святар санітарнага цягніка. У 1916—17 палкавы святар. У канцы 1917 вярнуўся ў Мінск, прызначаны настаяцелем Свята-Троіцкай царквы в. Таль Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Любанскі р-н Мінскай вобл. Мясцовыя савецкія ўлады імкнуліся закрыць царкву і, знайшоўшы зручную прычыну — нясвоечасовую ўплату прыходам непамерных падаткаў, арыштавалі і накіравалі С.Р. на прымусовыя работы па нарыхтоўцы драўніны (1930). Праз 6 месяцаў вярнуўся ў в. Таль, але яго дом канфіскавалі, і святар вымушаны быў з сям’ёй жыць, пераходзячы з хаты ў хату, у сваіх прыхаджанаў. Зноў арыштаваны 22.2.1933. Паводле пастановы калегіі АДПУ 21.4.1933 асуджаны з псаломшчыкам царквы Андрэем Лутовічам і старастам Аляксеем Муравейкам за «антысавецкую агітацыю» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны пракуратурай Мінскай вобл. 23.11.1989. Групавая справа С.Р. і інш. № 29903-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. У 1999 Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы далучаны да ліку святых новапакутнікаў.
Кр.: Памятная книжка Минской губернии; НГАБ, ф. 2786, в.1, с.67; Житія и Жизнеописанія новопрославленныхъ святых и Подвижниковъ Благочестія, въ Русской Православной Церкви просіявшихъ (отъ царствованія царя-мученика Николая II Александровіча і до нашихъ дней). СПб., 2001. Т. 2 (августъ-декабрь); Жития священномучеников Минской епархии.
[From the book: vol. II, pp. 280–281]
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.