Index » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. » Том II » СЕРГІЙ (ДАБРАМЫСЛАЎ)
[Сяргей Мікалаевіч; 6.9.1862, Разанская губ., цяпер Разанская вобл., Расія — 7.10.1937, Віцебск, турма НКВД], архіепіскап (абнаўленчы). Рускі. Сын святара Мікалая Дабрамыслава. Скончыў Разанскую духоўную семінарыю, Маскоўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя (1887). Служыў у Смаленску. У 1915—20 інспектар Таўрычаскай духоўнай семінарыі ў Сімферопалі. У 1918—20 у Белай арміі. Жонка С.(Д.) памерла ў 1920. Дачка Ніна ў 1920-я г. жыла ў Севастопалі. Удава, працавала рахункаводам на кандытарскай базе. Сын Мікалай, былы афіцэр Белай арміі, расстраляны чэкістамі. Другі сын Грыгорый, таксама былы армейскі афіцэр, эміграваў у Балгарыю. Далейшы яго лёс невядомы. З 1921 С. у сане протаіерэя служыў у Сімферопалі і Севастопалі. Арыштаваны органамі ЧК у 1922. Абвінавачваўся ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці і сувязі з Врангелем». Асуджаны не быў. 14.2.1923 хіратанісаны ў абнаўленчага епіскапа Севастопальскай епархіі. З 1924 і да канца 1925 епіскап Запарожскі (цяпер Украіна), затым 6 месяцаў служыў у Разані, узведзены ў сан архіепіскапа і пераведзены ў Сталінград (цяпер Валгаград). З пачатку 1927 — архіепіскап у Мсціслаўі, са жн. 1927 — у Полацку. У ліп. 1928 на епархіяльным з’ездзе Магілёўскага духавенства па прапанове абнаўленчага мітрапаліта Іосіфа (Крэчатовіча) выбраны архіепіскапам Магілёўскай епархіі. З 1932 служыў у могілкавай царкве Магілёва, апошнім прытулку абнаўленцаў. 17.9.1932 пераведзены кіраваць Аршанскай кафедрай. З 17.7.1933 архіепіскап Віцебскай епархіі. У снеж. 1935 в.а. старшыні Расійскага абнаўленчага сінода ў Маскве. У пачатку жн. 1935 прызначаны на Мазырскую кафедру, але адмовіўся ад службы па стане здароўя і за непадпарадкаванне ўказу звольнены за штат. Арыштаваны 18 (ці 20) верас. 1937 у Віцебску па адрасе: вул. Камсамольская, д. 53. Асуджаны ва ўзросце 75 гадоў 28.9.1937 з 40 інш. свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелямі і актыўнымі прыхаджанамі тройкай НКВД за «антысавецкую агітацыю» і як «былы член Саюза рускага народа» дa ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 28.7.1956 прэзідыумам Віцебскага абл. суда. Групавая справа С. і інш. захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
Кр.: БНДЦЭД; НАРБ, ІКБР; Афіцыйны сайт Віцебскай епархіі; Шиленок Д., свящ. Из истории Православной Церкви в Белоруссии (1922—1939). М., 2006.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.