Index » Reference books » Repressed Orthodox clergymen and priests of Belarus, 1917-1967. Vol. I » Том I » ІЗМЕР (ИЗМЕР) Іаан Георгіевіч
[1880, в. Коўбча Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Клічаўскі р-н Магілёўскай вобл. — ?]. Беларус. З сялянскай сям’і. Скончыў народнае вучылішча ў роднай вёсцы (1898), Мінскую духоўную семінарыю (1915). Да 1904 — паслушнік Мінскага Свята-Духава манастыра. Вытрымаў экзамен на званне псаломшчыка. Служыў у Свята-Троіцкай царкве в. Бытча Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер Барысаўскі р-н Мінскай вобл. З 1908 настаўнічаў у народным вучылішчы в. Кастрыца Барысаўскага пав., цяпер Барысаўскі р-н. Рукапаложаны ў дыякана (1913). Служыў у Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы ў Мінску, вучыўся ў семінарыі. Пасвячоны ў іерэя (1915). Прызначаны настаяцелем Раства-Багародзіцкай царквы в. Гаць (Швабаўка) Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. Пасля закрыцця храма 11.2.1933 — псаломшчык Міхайлаўскай царквы в. Зембін таго ж р-на. Быў жанаты, меў двух сыноў. Арыштаваны 8.4.1933. Асуджаны 19.7.1933 калегіяй АДПУ за «антысавецкую дзейнасць» да 3 гадоў ППК. Этапаваны ў Дзмітраўскі канцлагер АДПУ Маскоўскай вобл. 29.11.1935 лагернай тройкай НКВД прыгавораны за «антысавецкую агітацыю сярод зняволеных» да 10 гадоў ППК. На радзіму вярнуўся ў 1947—48. Паводле некаторых звестак прыняў манашаскі пострыг з імем Дзімітрый. Памёр у Барысаве (?). Рэабілітаваны 31.5.1989 пракурорам БССР. Групавая справа І. і інш. № 27206-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Жонка І. памерла неўзабаве пасля другога прысуда мужа. Пахавана ў в. Зембін. Паводле некаторых звестак загінулі і абодва сыны святара.
Кр.: Памятная книжка Минской губернии; НГАБ, ф. 2786, в. 1, с. 67; Синодик за веру и церковь Христову пострадавших в Минской епархии; Снытко Дзіянісій, іерэй. Мінулае, забытае, святое… Менск — Швабы, 2006.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.