Index » Reference books » Repressed Orthodox clergymen and priests of Belarus, 1917-1967. Vol. I » Том I » ЖДАНАЎ (ЖДАНОВ) Віктар Сцяпанавіч
[1871 ці 1872, в. Полцева (Полцеў) Віцебскага пав., цяпер тэрыторыя Віцебскага р-на (вёска спалена фашыстамі ў 2-ю сусветную вайну) — 7.10.1937, Віцебск, турма НКВД]. Беларус. З сям’і царкоўнаслужыцеля, верагодна, брат Аляксія Сцяпанавіча Жданава* . Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1892?), рукапаложаны ў іерэя. Да 1902 настаяцель Ануфрыеўскага храма в. Псова Невельскага пав. Віцебскай губ., потым Спаса-Праабражэнскай царквы в. Усмынь Веліжскага пав. Віцебскай губ. З 1906—07 другі святар Успенскага сабора ў Невелі Віцебскай губ., цяпер Пскоўская вобл., Расія. Паводле некаторых звестак у 1920-я г. служыў у храме ў Дзвінску Віцебскай губ. (цяпер Даўгаўпілс, Латвія), потым ў Бешанковічах Лепельскага пав. Віцебскай губ., цяпер райцэнтр Віцебскай вобл., благачынны цэркваў Бешанковіцкай акругі. Меў жонку Ганну Паўлаўну (н. ў сям’і святара), сына Серафіма (ветэрынар аднаго з калгасаў Віцебскага р-на), дочак Аляксандру (па мужу Шчарбінская; працавала ў адной з клінік Віцебска) і Кацярыну (справавод). У 1929 асуджаны да года зняволення за нявыплату падаткаў. З 1930 настаяцель Іаанаўскай (Задунаўскай) царквы. У трэці раз арыштаваны 24.4.1931 у Віцебску. Прыгавораны 14.7.1932 з 15 свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелямі асобай нарадай пры АДПУ як «член антысавецкай арганізацыі» дa 3 гадоў ссылкі і пазбаўлення правоў. Вызвалены ў 1934. Вярнуўся на радзіму. Працягваў служыць святаром. Зноў арыштаваны 19.9.1937 у Віцебску па адрасе: вул. 10-я Вінчэўская, д. 7 або 17. Асуджаны 28.9.1937 з 40 свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелямі і актыўнымі прыхаджанамі тройкай НКВД за «антысавецкую агітацыю» дa ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Па першай справе (захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.) рэабілітаваны 12.9.1989 пракуратурай Віцебскай вобл., па другой 28.7.1956 прэзідыумам Віцебскага абл. суда.
Кр.: Памятная книжка Витебской губернии; Афіцыйны сайт Віцебскай епархіі; БНДЦЭД; НАРБ, ІКБР.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.