Index » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга II » СТАШЭЎСКІ Аляксандр Восіпавіч
[Сташэўскі-Стасевіч; 12(24). 3.1889, в. Дулічы Слуцкага пав., цяпер Капыльскі р-н Мінскай вобл. — 11.12.1938, НКВД], дзяржаўны дзеяч. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1911), МВПІ (1920). У 1911—14 выкладаў у Рэчыцкім пачатковым прыходскім вучылішчы. У 1-ю сусветную вайну на Паўд.— Зах. фронце, падпаручнік. Пасля дэмабілізацыі з пач. 1918 у Яраслаўлі (Расія), удзельнік бел. нацыянальнага руху, член арганізацыі «Маладая Беларусь». З кастр. 1918 у Мінску, член Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1919 сакратар прэзідыума педагагічнай рады МВПІ, настаўнік 9-й Мінскай бел. школы 1-й ступені. Адзін з ініцыятараў стварэння ў студз. 1920 Бел. камуністычнай арганізацыі (БКА), член яе ЦК, уваходзіў у 1-ю Мінскую канспіратыўную «пяцёрку» БКА па арганізацыі антыпольскага падполля і партызанскага руху. Пасля прыходу бальшавікоў у Мінск у ліп. 1920 мабілізаваны ў Чырвоную армію, камандаваў узводам, ротай. З ліст. 1921 сакратар ЦВК і СНК БССР, з ліп. 1924 старшыня Полацкага акруговага выканкама, садзейнічаў правядзенню беларусізацыі на далучаных да БССР усх. бел. тэрыторыях. З лют. 1926 наркам унутраных спраў БССР, з вер. 1928 наркам юстыцыі і пракурор БССР. Член ЦВК БССР (1921—31) і яго Прэзідыума (1921—24, 1927—31). Член Рэвізійнай камісіі КП(б)Б у 1924—25, ЦКК КП(6)Б у 1929—31. У канцы 1930 неабгрунтавана абвінавачаны як удзельнік «антыпартыйнай» групы Ігнатоўскага—Жылуновіча, зняты з пасады і прызначаны старшынёй Бабруйскага райвыканкама. 18.2.1931 выведзены са складу ЦКК КП(б)Б. З восені 1931 загадчык рабфака БДУ, потым дырэктар Гомельскага сельскагаспадарчага педагагічнага інстытута. Арыштаваны 27.4.1937. Абвінавачваўся ў «антысавецкай дзейнасці». 29.10.1937 «тройкай» НКВД асуджаны да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956.
Літ.: ЭГБ, т. 6—1.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.