Index » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга II » СТРУМЕНЬ Васіль
[сапр. Лебедзеў Аляксандр Мікалаевіч; 19.3(1.4).1914, в. Лявонцьева Калагрыўскага пав. Кастрамской губ., цяпер Мантураўскі р-н Кастрамской вобл., Расія — 25.10.1992, Сарны Ровенскай вобл., Украіна], паэт, празаік, педагог. Пісаў на бел. і ўкраінскай мовах. Бацька С. загінуў на фронце ў 1915. У 1921 сям’я перабралася на радзіму айчыма С. ў в. Зачэпічы Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. (цяпер Дзятлаўскі р-н Гродзенскай вобл.). У 1930 арганізаваў і ўзначаліў камсамольскую ячэйку ў в. Зачэпічы. У 1932 уступіў у КПЗБ. Першы яго верш «Наша доля» апублікаваны ў падпольнай газ. «Малады камуніст» у 1931, першыя сатырычныя нататкі ў 1932. За рэвалюцыйную дзейнасць, публікацыю антыўрадавых вершаў і ўдзел у забастоўцы на шклозаводзе «Нёман», дзе працаваў у 1935—36, зняволены ў турмах Ліды, Глыбокага, Вілейкі. За спробу нелегальна перайсці савецка-польскую мяжу зняволены ў Вілейскай турме. Пасля адбыцця тэрміну пакарання прымусова здадзены ў армію. За рэвалюцыйную агітацыю сярод жаўнераў польскай арміі ў 1937—38 адбываў пакаранне ў Лідскай гарнізоннай турме строгага рэжыму. У 1938 разам з бацькамі пераехаў на Ровеншчыну. Удзельнічаў у рэвалюцыйным падполлі Зах. Украіны. Пасля 1939 працаваў у сферы адукацыі, адначасова завочна вучыўся ў Астрожскай педагагічнай школе, якую скончыў 22.6.1941. У гады вайны ў антыфашысцкай групе. У 1944—45 у Чырвонай арміі, двойчы паранены. Пасля дэмабілізацыі працаваў выкладчыкам украінскай мовы і літаратуры ў СШ Кастопаля Ровенскай вобл. Завочна скончыў Ровенскі настаўніцкі інстытут (1949), Львоўскі педагагічны інстытут (1953). Першы верш на ўкраінскай мове апублікаваў у 1956. Да выхаду на пенсію ў 1979 працаваў у сферы адукацыі ў Валынскай і Ровенскай абл.
Тв.: У кн.: Сцягі і паходні. Мн., 1965; Дзень паэзіі — 78. Мн., 1978; Ростані волі. Мн., 1990.
Лiт.: Пяткевіч А. Сцежкамі роднага краю // Наднёманскія былі. Мн., 1968; Міско Я. Было яно калісьці // Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983; БП, т. 5; БЭ, т. 15.
[From the book: vol. III, book 2, pp. 317–318]
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.