Index » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга II » МЭТЭ Казімір Юльянавіч
[27.1.1905, в. Бараўляны Мінскага пав. — 28.3.2004, Бараўляны], адзін з арганізатараў Магілёўскага патрыятычнага падполля ў 2-ю сусветную вайну, педагог. З польскай сялянскай сям’і. З 1927 настаўнічаў у Бабруйскім раёне, Мінску, Магілёве. Скончыў Ленінградскі педагагічны інстытут імя А.Герцэна (1931). Да першага арышту выкладаў у Польскім педагагічным тэхнікуме, быў супрацоўнікам БелАН. Ажаніўся, гадаваў дзіця. Арыштаваны 7.11.1933 у Мінску. Асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ 27.2.1934 як «член ПАВ і за антысавецкую дзейнасць» да 3 гадоў папраўча-працоўных работ. Этапаваны ў Сібірскі канцлагер НКВД (Марыінск, Кемераўская вобл., Новасібірск). Вызвалены 23.7.1936. У ліп. 1941 НКВД Магілёўскай вобл. пакінуты ў тыле немцаў для арганізацыі падпольнай работы. У пачатку 1942 быў у ліку стваральнікаў падпольнай арганізацыі «Камітэт садзеяння Чырвонай арміі», якая аб’яднала многія падпольныя групы, мела сувязі з партызанамі. З сак. 1943 у партызанах. З 1944 выкладчык Магілёўскага педагагічнага інстытута. Зноў арыштаваны 8.6.1946. Абвінавачваўся ў здрадзе радзіме. Асуджаны не быў. Вызвалены і рэабілітаваны 8.5.1947. За актыўны ўдзел у партызанскім руху ў час 2-й сусветнай вайны 9.2.1949 судзімасць з М. была знята. У 1948—64 дырэктар, завуч Бараўлянскай СШ. Па першай справе (№ 14225-с; захоўваецца з фотаздымкам у архіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны калегіяй Вярхоўнага суда БССР 29.5.1959.
Літ.: ЭГБ, т. 5.
[From the book: vol. III, book 2, pp. 118–119]
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.