Index » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга II » САВІК Станіслаў Іосіфавіч
[1928, в. Дворышча, цяпер Чашніцкі р-н Віцебскай вобл. — ?], педагог. З сялянскай сям’і. У час 2-й сусветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі, вучыўся ў школе ў Лужках, у Глыбоцкім педагагічным вучылішчы (з восені 1944), пасля сканчэння якога (1947) працаваў настаўнікам у Відзы-Лаўчыноўскай пачатковай школе, затым дырэктарам школы пры дзіцячым доме імя Сталіна (цяпер Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). Арыштаваны 26.4.1948 у час заняткаў з вучнямі. Вывезены ў Полацкую турму МДБ. Знаходзіўся ў адной камеры з М. Конанам. 15.7.1948 асуджаны як «член арганізацыі СБМ» і за тое, «што жывучы падчас вучобы ў Глыбоцкім педвучылішчы разам на адной кватэры з В.Мядзельцам і А.Фурсам, не толькі не выкрыў іх, як сапраўдны, сумленны савецкі чалавек, а нават дапамог замятаць за імі сляды», да 10 гадоў ППК і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Этапаваны ў Паўднёва-Заходні канцлагер МДБ Магаданскай вобл. (пас. Ніжні Сеймчан, Усць-Таёжны). Працаваў адкатчыкам, крапільшчыкам. Як успамінаў С., «праца была катаржная, па 12 гадзін ды ў шкодных умовах, небяспечная. У забоях пастаянны дым, пыл». З 1954 у высылцы (пас. Ларуковая Ягаднінскага р-на Магаданскай вобл.). Завочна скончыў Горкаўскі аўтамабільны тэхнікум (1961). Працаваў механікам, потым загадчыкам гаража. У 1979 вярнуўся ў Беларусь. Працаваў механікам у саўгасе «Гарадзец» Шаркоўшчынскага р-на Віцебскай вобл. З 1986 на пенсіі. Рэабілітаваны Віцебскім абл. судом 5.2.1990. Асабовая справа С. захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
Літ.: ГАРТ. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 329—340.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.