Index » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга II » РОДЗЬКА Усевалад Філарэтавіч
[1920, в. Чучавічы Пінскага пав. Мінскай губ., цяпер Лунінецкі р-н Брэсцкай вобл. — 1946 (?)], бел. паліт. і вайсковы дзеяч, публіцыст. Скончыў Навагрудскую польскую гімназію імя А.Міцкевіча (1938), пасля падафіцэрскую школу ў Замброве. У вер. 1939 прымаў удзел у нямецка-польскай вайне, трапіў у нямецкі палон, адкуль вызваліўся ў жн. 1940. Узначаліў Кракаўскую філію Варшаўскага беларускага камітэта. Увайшоў у групу В.Гадлеўскага, якая арганізоўвала падпольную Беларускую незалежніцкую партыю. З вясны 1941 супрацоўнічаў з Абверам. З ліп. 1941 бургамістр Віцебска, праводзіў беларусізацыю горада. Арганізатар нацыянальнага падпольнага і партызанскага руху, з 1942 старшыня ЦК БНП (псеўданім «Воўк»). Выступаў з публіцыстыкай у легальным і нелегальным друку. Сябра БЦР, адказны за работу з моладдзю. З сак. 1944 камандзір 15-га батальёна БКА. Распрацаваў план антынямецкага паўстання ў Мінску, якое меркавалася ўзняць у час правядзення 2-га Усебеларускага кангрэса. З лета 1944 знаходзіўся ў Германіі, быў адным з камандзіраў бел. дэсантнага батальёна «Дальвіц». З чэрв. 1945 жыў пад чужым прозвішчам у Польшчы, арганізоўваў падпольныя структуры. Арыштаваны і дэпартаваны ў Мінск у 1945. У 1946 на судовым працэсе над кіраўніцтвам БНП асуджаны да ВМП (паводле іншых звестак, атрымаў вялікі тэрмін зняволення, які адбываў у Сібіры).
Літ.: Ёрш С. Арыштаваны ў Беластоку // Ніва. 1997, 7 ліп.; Яго ж. Вяртанне БНП. Асобы і дакументы Беларускай Незалежніцкай Партыі. Мн.—Слонім, 1998; Ткаченко Е. Среди живых и мертвых // БДГ. 2001, 22 ноября.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.