Index » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга II » САВЕЛЬЕЎ Аляксандр Цімафеевіч
[1891, в. Загоpанка Чавускага пав. Магілёўскай губ., цяпер Чавускі p-н Магілёўскай вобл. — 1938 (паводле іншых звестак — лют. 1942), ГУЛАГ], вучоны-аграном, педагог. З сям’і вясковага каваля. У 1-ю сусветную вайну прызваны ў армію, удзельнічаў у баях, паранены трапіў у нямецкі палон. Пасля вызвалення (1919) вярнуўся на радзіму. Вучыўся ў земляробчай школе, потым у Горацкім сельскагаспадарчым інстытуце. Пасля яго сканчэння, як студэнт-выдатнік пакінуты на кафедры земляробства. Разам з працай выкладчыка актыўна займаўся навукова-даследчай дзейнасцю. У канцы 1920-х г. адпраўлены на стажыроўку ў Германію. Пасля вяртання атрымаў званне дацэнта, а ў 1933 вылучаны на пасаду прафесара. Арыштаваны 10.9.1933. Асуджаны «тройкай» НКВД 14.11.1933 як «член шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі БНЦ» да 8 гадоў ППК. Этапаваны ў адзін з канцлагераў АДПУ Далёкага Усходу. У другой палове 1930-х г. за вырошчванне на лагерных сельскагаспадарчых палях небывалага для тутэйшых земляў ураджаю яравога жыта краявым кіраўніцтвам рэкамендаваны да ўдзелу ва Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы, але замест паездкі ў Маскву лагернай тройкай НКВД асуджаны да ВМП. Расстраляны. Па першай справе (№ 5937-с, захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР 7.5.1956, па другой Амурскім абл. судом.
Кр. геагр.: Рапановіч. Слоўнік геаграфічных назваў.
Літ.: Кароткі нарыс якасьці насеньня некаторых культурных расьлін Горацкага раёну. Запіскі Бел. Дз. Акадэміі. 1927; Дасьледванне пасеўнага матэрыялу Калініншчыны. Працы Горы-Горацкага нав. Т-ва. 1928; Ключ да вызначэньня насеньня і пладоў палявога пустазельля і спосабы барацьбы з ім. Мн., 1932; Правілы ўжываньня ўгнаеньняў. Мн., 1932.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.