Index » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга II » ШУШКЕВІЧ Браніслаў Іванавіч
[1890, фальварак Сцефанполь Віленскай губ., цяпер Літва (?) — 21.12.1937, Мінск, НКВД], службовец. З сялянскай сям’і. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Уступіў у ВКП(б). Падчас арышту дырэктар Інстытута балотнай гаспадаркі. Арыштаваны 26.9.1937 у Мінску па адрасе: вул. Першамайская, д. 2/21, кв. 14. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 20.12.1937 як «член антысавецкай тэрарыстычнай дыверсійна-шкодніцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 13.10.1956. Асабовая справа Ш. № 7601-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
15.2.1938 у Мінску па адрасе: вул. Першамайская, д. 2/21, кв. 14 арыштавана касір Мінскай цырульні № 6, маці дваіх дзяцей, Шушкевіч Кацярына Паўлаўна (н. ў 1895 у в. Атрубкі Віленскай губ.), жонка Браніслава Шушкевіча. 16.5.1938 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Цемнікоўскі канцлагер НКВД Мардоўскай АССР. Вызвалена 15.2.1946. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 16.3.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа Ш. № 6845-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
[From the book: vol. III, book 2, pp. 461–462]
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.