Index » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга II » СУШЧЫНСКІ Віталь Уладзіміравіч
[1890, пас. Галабурдшчына Магілёўскага пав., цяпер Бялыніцкі р-н Магілёўскай вобл. — 8.10.1938 (?), НКВД], адзін з першых расійскіх палярных лётчыкаў. З бел. сялянскай сям’і. Кавалер Георгіеўскіх крыжоў 3 ступеняў. Скончыў Севастопальскую школу авіяцыі (1912). Служыў на Далёкім Усходзе. У 1-ю сусветную вайну ваяваў у авіяатрадзе на Зах. фронце. З 1918 у Чырвонай арміі, удзельнік грамадзянскай вайны, камандзір асобай роты на Далёкім Усходзе. Пасля служыў ва Уладзівастоку, перайшоў у грамадзянскую авіяцыю. У 1920-я г. лётаў на палярных лініях у Комі АССР. У канцы 1920-х г. вярнуўся на радзіму. Падчас першага арышту (4.2.1930) следчымі запісаны як «селянін-аднаасобнік з пас. Галабурдшчына». 21.3.1930 калегіяй АДПУ асуджаны за «антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў ППК. Пасля датэрміновага вызвалення жыў у г. Нар’ян-Мар Ненецкай акругі. З 1935 працаваў у Нар’ян-Марскім авіяатрадзе, лётаў на Паўночных тэрыторыях сучасных Рэспублікі Комі, Архангельскай і Цюменскай абласцей. Падчас другога арышту (2.10.1937) працаваў рыбаком. 8.10.1938 «тройкай» УНКВД па Архангельскай вобл. прыгавораны да ВМП. Расстраляны. Па першай справе (№ 10142-сн; захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобл.) рэабілітаваны 24.7.1989, па другой 2.2.1958.
Кр.: Поморский Мемориал: Книга памяти жертв политических репрессий. Архангельск. Т. 1—3. Год выдання не пазначаны.
Літ.: ЭГБ, т. 6—1.
[From the book: vol. III, book 2, pp. 336–337]
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.