Index » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга II » МАЛЯНТОВІЧ Павел Мікалаевіч
[1869, Віцебск — 22.1.1940, Масква, НКВД], паліт. і дзяржаўны дзеяч, юрыст. З сям’і службоўца. Вучыўся на юрыдычным ф-це Маскоўскага ун-та, але быў адлічаны за «рэвалюцыйную прапаганду» і 3 месяцы правёў у турме. Скончыў юрыдычны ф-т Дэрпцкага (Тартускага) ун-та (1893). Працаваў памочнікам прысяжнага паверанага пад кіраўніцтвам Ф.Плявакі, адвакатам. На паліт. працэсах абараняў удзельнікаў паўстання на крэйсерах «Азоў», «Ачакаў», сялян Харкаўскай і Палтаўскай губ., членаў бальшавіцкай фракцыі думы і інш. Быў адвакатам у справе аб 100000 рублёў, якія Сава Марозаў пакінуў для бальшавіцкай партыі. Выйграў справу, атрымаў грошы і, рызыкуючы свабодай, перадаў іх бальшавіку Красіну. З сак. 1917 член Выканкама камітэта грамадскіх арганізацый, таварыш пракурора Маскоўскай судовай палаты, нам. міністра пошты і тэлеграфа, міністр юстыцыі і генеральны пракурор у Часовым урадзе. Выдаў распараджэнне аб арышце У.Леніна. У выніку Кастрычніцкага перавароту 1917 арыштаваны з іншымі членамі Часовага ўрада і зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Вызвалены па распараджэнні У.Леніна. З вер. 1921 у Маскве: юрыд. кансультант ВСНГ, адзін з заснавальнікаў савецкай адвакатуры, узначальваў Маскоўскую калегію адвакатаў. У 1930 арыштаваны органамі АДПУ. Пад следствам знаходзіўся некалькі месяцаў. Пасля вызвалення займаўся адвакацкай практыкай. Зноў арыштаваны 2.11.1937 у Маскве па адрасе: Зубаўскі бульвар, д. 16/20, кв. 85. Асуджаны 22.1.1940 як «кіраўнік контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі» да ВМП. Расстраляны на Данскіх могілках праз некалькі гадзін пасля прыгавору. Пасля арышту М. органамі НКВД былі арыштаваны і ўсе члены яго сям’і. Па першай справе рэабілітаваны 29.8.1959, па другой 13.5.1992.
1.11.1937 у Маскве па адрасе: зав. Фурманава, д. 6, кв. 11 быў арыштаваны член Маскоўскай гарадской калегіі адвакатаў Малянтовіч Уладзімір Паўлавіч (нар. ў 1895), сын П.Малянтовіча. 14.6.1938 тройкай НКВД ён быў асуджаны як «член тэрарыстычнай арганізацыі» да ВМП і расстраляны. Рэабілітаваны 24.11.1956.
16.4.1938 у Маскве па адрасе: Стараканюшанны зав., д. 24, кв. 1 быў арыштаваны член Маскоўскай гарадской калегіі адвакатаў Малянтовіч Георгій Паўлавіч (нар. ў 1897), сын П.Малянтовіча. 15.9.1938 тройкай НКВД ён быў асуджаны як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» да ВМП і расстраляны. Рэабілітаваны 21.3.1956.
У 1951 органамі МДБ быў арыштаваны Малянтовіч Кірыл Георгіевіч (удзельнік 2-й сусветнай вайны; узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1 ступені і многімі медалямі), сын Г.Малянтовіча. У тым жа годзе ён быў асуджаны да 5 гадоў канцлагераў. Вызвалены ў 1956.
Кр.: Расстрельные списки: «Коммунарка»; Расстрельные списки: Донское кладбище.
Літ.: БелСЭ. 1973, т. 6; Известия. 2001. 7 июня.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.