Index » Reference books » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III » Том III. Кнiга II. Дадатак » КОНАН Якуб
[н. 28.3.1913, в. Міхалава Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.], удзельнік 2-й сусветнай вайны, вязень савецкіх канцлагераў. З сялянскай сям’і. У 1936—37 адбываў тэрміновую службу ў лёгка-артылерыйскім палку 18-й пяхотнай дывізіі Войска Польскага ў Востраве–Мазавецкім (цяпер Польшча). У вер. 1939 у складзе 33-га лёгка-артылерыйскага палка 1–й пяхотнай дывізіі браў удзел у абароне Львова. З 22.9.1939 у савецкім палоне. З 10.6.1940 у Паўночна-чыгуначным канцлагеры НКВД Комі АССР (ст. Котлас). У жн. 1941 вызвалены як польскі грамадзянін і 15.9.1941 залічаны ў склад лёгка-артылерыйскага палка 5-й пяхотнай дывізіі арміі пад камандаваннем генэрала У.Андэрса. З 15.3.1944 на італьянскім фронце, удзельнічаў у баявых дзеяннях, у тым ліку ў бітве за Монтэ-Касіна. 9.3.1945 пераведзены ў 17-ы артылерыйскі полк 7-й пяхотнай дывізіі. Узнагароджаны Памятным крыжам Монтэ-Касіна, медалямі. Належаў да г. зв. «групы супраціву» (польскія жаўнеры, якія адмаўляліся дэмабілізоўвацца, а таксама вяртацца на радзіму, уважаючы, што яны мусяць змагацца далей). У 1948 дэмабілізаваўся і вярнуўся на радзіму. Ажаніўся, пабудаваў хату, гадаваў сына. Арыштаваны органамі МДБ ноччу з 31 сак. на 1 крас. 1951 і разам з жонкай і пяцімесячным сынам дэпартаваны ў Іркуцкую вобл. Пасля вызвалення 30.12.1958 К. атрымаў ваенны білет, у якім у «звестках аб удзеле ў Вялікай Айчыннай вайне і іншых войнах» пазначана: «Не ўдзельнічаў». Цяпер жыве у мяст. Бярэзінскае Маладзечанскага р-на.
Літ.: Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна. Мн., 2004. С. 44—45, 114—121.
[From the book: vol. III, book 2, pp. 601–602]
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.