Index » Reference books » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III » Том III. Кнiга I » БЯЛЕВIЧ Леў Мікалаевіч
[н. 10.3.1928, в. Багуцкiя Дзiсенскага пав. Вiленскага ваяв., цяпер Міёрскi р-н Вiцебскай вобл.], удзельнік пасляваеннага антысавецкага маладзёжнага руху. З восені 1944 вучыўся ў Глыбоцкiм педагагiчным вучылішчы. Пасля аб’яднання Глыбоцкага патрыятычнага асяродка, да якога належаў Б., з гуртком аднадумцаў з Пастаўскага педвучылішча быў створаны аб’яднаны Саюз беларускiх патрыётаў. 8.2.1947 (паводле іншых звестак 15.2.1947) Б. арыштавалі. Як ён пазней прыгадваў, «СБП праiснаваў нядоўга. Зрэшты, тэрмiн гэты мог быць, як пасля стала зразумелым, i яшчэ карацейшы. Сярод нас аказалiся падасланыя энкавэдзістамi «сексоты»... Даводзiцца толькi меркаваць, чаму, маючы немалую iнфармацыю, энкавэдзісты не спяшалiся распраўляцца з намi». На судзе над сябрамі СБП у Мінску, якi адбыўся 16—20.6.1947, Б. асудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волi. Да лета 1948 знаходзіўся ў лагеры «Краснае ўрочышча» пад Мінскам, дзе працаваў на будаўнiцтве Мінскага аўтамабiльнага завода. Потым этапаваны ў Iнцiнскi (пазней Мінеральны) папраўча-працоўны лагер МДБ Комi АССР. Разам з паплечнiкамi-землякамi (Васiлём Супруном, Кастусём Шышэем, Васілём Шастаковiчам) уваходзiў у зямляцкi гурток, якi ўзяў на сябе ролю бел. цэнтра ў сістэме лагераў вакол Iнты. Вызвалены ў 1955. Пасля вяртання ў Беларусь ажанiўся з Марыяй Бабiч, таксама колiшняй сяброўкай СБП. У 1956 з жонкай вярнуўся ў Iнту, працаваў шахцёрам. Пасля выхаду на пенсiю (1984) пераехаў на пастаяннае жыхарства ў Полацк. Рэабiлiтаваны Вярхоўным судом Беларусі 30.10.1992. Справа Б. № 23525-п з фотаздымкам захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
Тв.: I сорам, i крыўда, i спадзяванне // Наша слова. 1992. 10 чэрв.
Кр. геагр.: Рапановіч. Слоўнік геаграфічных назваў.
Лiт.: Гарт. З успамiнаў пра Саюз Беларускiх Патрыётаў. Мн., 1997; Антысавецкія рухі.
[From the book: vol. III, book 1, pp. 231–232]
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.