Index » Reference books » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III » Том III. Кнiга I » ГРЫНБЛАТ Леапольд Саламонавіч
[1901, Мінск — ?], інжынер-электрык. З мяшчанскай сям’і. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Быў жанаты, меў дваіх дзяцей. Удзельнічаў у 2-й сусветнай вайне. Арыштаваны 29.5.1968 у Мінску па адрасе: Ленінскі праспект, д. 23, кв. 34. Па дадзеных следства, у студз. 1968 (будучы пенсіянерам) скапіраваў і даваў чытаць знаёмым антысавецкі «Ліст сябру»; рэгулярна слухаў «Голас Амерыкі» і «Голас Ізраіля». Падчас вобыску ў яго кватэры знойдзена сіянісцкая літаратура. На паведамленні аб арышце Г. пракурор аддзела па нагляду за следствам у органах дзяржаўнай бяспекі пракуратуры СССР наклаў рэзалюцыю: «[Следчы] т. Бялінскі піша нейкую лухту. «Праслухоўваў …» — у гэтым няма складу злачынства! А «Ліст сябру» АДЗІН, сам па сабе яшчэ недастатковы для арышту 67-гадовага старога. Што, у Беларусі няма чаго т. Бялінскаму рабіць?» Але, нягледзячы на такое заступніцтва, 4.12.1968 Г. быў асуджаны за «антысавецкую агітацыю і прапаганду» да 1 года і 6 месяцаў папраўча-працоўных лагераў. Далейшы яго лёс невядомы. Рэабілітаваны 29.4.1996 прэзідыумам Вярхоўнага суда Беларусі. Асабовая справа Г. № 36834-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: ДА РФ. Ф. 8131, воп. 36, спр. 2595.
Літ.: 580, с. 692—693.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.