Index » Reference books » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III » Том III. Кнiга I » ВІСКОЎСКІ Станіслаў Іванавіч
[12.2.1839, Варшава — ?,], удзельнік паўстання 1863—64 у Беларусі. З дробнамаянтковай мсціслаўскай шляхты. У 1858 паступіў у Горы-Горацкі земляробчы інстытут, дзе вучыўся на сродкі Т.Чудоўскага — дзеяча рэвалюцыйнага руху на Магілёўшчыне. Хутка В. стаў адным з лідэраў студэнцтва ў інстытуце. Вылучаўся поспехамі ў вучобе, у жн. 1861 прымаў удзел у сельскагаспадарчым з’ездзе ў Горках. З пачаткам паўстання В. 1(13).3.1863 прызначаны паўстанцкім начальнікам г. Горкі. З Масквы і Пецярбурга прывёз зброю. У ноч на 24.4(6.5).1863 паўстанцкія сілы на чале з В. і Звяждоўскім занялі Горкі. Пасля разгрому паўстанцаў царскімі войскамі В. склаў зброю. Падчас следства знаходзіўся ў турмах Магілёва і Вільні. Атрымаў смяротны прысуд, заменены на 12-гадовую катаргу ў Сібіры. У канцы 1870-х г. жыў у Іркуцку. Далейшы лёс невядомы.
Літ.: В. [Ратч]. Очерки мятежного движения в Могилевской губернии… в 1863 году. Вильна, 1865; Цытовіч С. 1863 год у Горы-Горках, быўш. Магілёўскай губ.: (Падзеі паўстання) // Запіскі аддзела гуманітарных навук БАН. Кн. 8. Працы клясы гісторыі. Т. 3. Мн., 1929; Восстание в Литве и Белоруссии. 1863—1864 гг. М., 1965; ЭГБ, т. 2.
[From the book: vol. III, book 1, pp. 260–261]
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.